Футбольнай камандзе зорак беларускай эстрады "Арт-Старс" - 20 гадоў

12 декабря 2015

Яны збіраюць канцэртныя залы, паспяхова выступаюць на чэмпіянатах свету па футболе і абгульваюць саміх англічан. Футбольная каманда зорак беларускай эстрады "Арт-Старс" адзначае сваё 20-годдзе. За гэтыя гады зорная зборная ўдзельнічала ў 4 мундыялях і правяла звыш сотні афіцыйных матчаў. На працягу шматлікіх гадоў у склад каманды ўваходзяць такія гульцы як Альберт Скараход, Сяргей Мінскі, Дзмітрый Смольскі, Анатоль Длускі. А свой юбілей "Арт-Старс" як і належыць сапраўднай футбольнай камандзе адзначае на гульнявым полі. Аляксандр Харавец далучыўся да віншаванняў.

Гэтыя людзі чарговы раз даказваюць - усё немагчымае магчыма. Яны збіраюць вялізныя канцэртныя пляцоўкі і спяваюць уверх тармашкамі пра перавернуты свет.

Вось ужо 20 гадоў гульцы футбольнай каманды зорак беларускай эстрады "Арт-Старс" паспяхова сумяшчаюць шоу-бізнес і выступаюць на чэмпіянатах свету па футболе сярод артыстаў. За плячыма спевакоў, танцораў і знакамітых тэлевядучых тры сусветныя першынствы і ганаровае шостае месца на мундыялі 2008 года, які праходзіў у Наварасійску.

Заснавальнік і нязменны капітан каманды - Альберт Скараход і сёння размінку перад матчам пачынае са стойкі на галаве. Рэкардсмен Кнігі Гінэса прызнаецца, так яму лепш засяродзіцца на гульні.

У тое, што артысты ўмеюць не толькі паспяхова выступаць на сцэне, але і выдатна гуляць у адну з самых папулярных гульняў, гаворыць той факт, што каманда правяла звыш сотні афіцыйных матчаў. За "Арт-Старс" выступаюць Сяргей Мінскі, Дзмітрый Смольскі, Анатоль Длускі і шматлікія іншыя зоркі эстрады. Нязменны нападаючы каманды - дырэктар Агенцтва тэленавін Іван Міхайлаў. За зорную зборную вядучы "Галоўнага эфіру" выступае ўжо больш за 10 гадоў.

Іван Міхайлаў, галоўны дырэктар галоўнай дырэкцыі АТН:

"Няпроста і ў эфіры, няпроста і на спартыўнай пляцоўцы, але адно другое не выключае і нават дапамагае. Спорт - такі ж складальнік майго жыцця як і праца на тэлебачанні".

Круглую дату зорныя футбалісты вырашылі сумясціць яшчэ з адным юбілеем - 80-годдзем прафсаюзнага спорту Беларусі. І сёння на спартыўнай пляцоўцы Маладзечанскага лядовага палаца каманда "Арт-Старс" сустрэлася з камандай Мінскага аблвыканкама.

У няпростай барацьбе перамогу гэтым разам вырвала каманда аблвыканкама. Зрэшты, гэта "Арт-Старс" не асабліва хвалявала. Бо сёння каманда зорак паказала не проста добры футбол, а падарыла сваім балельшчыкам сапраўднае шоу.