Фрэнсіс Гары: Беларусі трэба рабіць стаўку на высокакваліфікаваныя кадры

10 июня 2019
Такое меркаванне ў эксклюзіўным інтэрв'ю нашаму тэлеканалу выказаў кіраўнік Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці. Фрэнсіс Гары адзначыў высокія вынікі нашай краіны  ў пытанні прававой абароны і патэнтавання. З САІУ ў Беларусі цесныя кантакты доўгія гады. Арганізацыі таксама цікавы вопыт нашай краіны ў сферы ІТ. Госць назваў менавіта інфармацыйныя тэхналогіі і штучны інтэлект самымі папулярнымі сферамі, дзе сёння звяртаюцца  па абарону сваіх распрацовак.

Фрэнсіс Гары, гендырэктар Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці: "У нас вельмі добра наладжана супрацоўніцтва з Беларуссю. Гэты мемарандум - гэта працяг нашай сумеснай працы. Засяродзімся на больш пэўных пытаннях. Напрыклад, што датычыцца вырашэння спрэчак у сферы інтэлектуальнай уласнасці, узаемадзеяння на міжнароднай арэне. Адна з пераваг вашай краіны - гэта кадры. Так, у вас невялікая колькасць насельніцтва, але доля добра адукаваных спецыялістаў уражвае. Хай у вас не шмат прыродных рэсурсаў, але сёння не меней важны чалавечы капітал. Вы сапраўды можаце зарабляць на інтэлекце".

Неўзабаве ў Беларусі з'явіцца цэнтр дасудовага ўрэгулявання пытанняў па абароне інтэлектуальнай уласнасці. Акрамя гэтага, наша краіна плануе далучыцца да Гаагскага пагаднення аб міжнароднай рэгістрацыі прамысловых узораў.