Форум маладых журналістаў сабраў больш за 150 удзельнікаў

29 ноября 2019
Дзяржаўная інфармацыйная палітыка - гэта не замоўчванне праблем, а іх рашэнне ў канструктыўным дыялогу з людзьмі. Гэта заявіў сёння намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Андрэй Кунцэвіч на адкрыцці Форуму маладых журналістаў. Мерапрыемства сабрала больш за 150 удзельнікаў - прадстаўнікоў рэгіянальных і рэспубліканскіх СМІ, спецыялістаў Мінінфарма, запрошаных экспертаў і выкладчыкаў журфака. Адна з галоўных тэм - этыка ў медыясферы. У пагоне за аўдыторыяй на яе часта забываюцца блогеры, распаўсюджваючы часам неправераныя факты. Адказнасць перад грамадствам - тое, што павінна вызначаць прафесійнага журналіста.

Андрэй Кунцэвіч, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі: "Неабходна ўлічваць, што інфармацыйная прастора сёння перажывае сур'ёзную трансфармацыю. Час ставіць новыя пытанні. Што мы можам супрацьпаставіць распаўсюджванню фэйкавых навін? Якое месца ў інфармацыйным полі павінен заняць прафесійны журналіст? Менавіта маладыя супрацоўнікі нашых СМІ павінны нам дапамагчы знайсці адказы на гэтыя пытанні".

У рамках форуму Беларускі саюз журналістаў узнагародзіў маладых аўтараў у пяці намінацыях. Большасць пераможцаў прадстаўляюць рэгіянальныя выданні і тэлерадыёкампаніі.