Фінансавая міліцыя абвінаваціла камунальнікаў прадпрыемства Жылкамгас у безгаспадарлівасці

14 апреля 2014
Дзяржкантроль Магілёўскай вобласці вырашае пытанне аб прыцягненні да крымінальнай адказнасці службовых асоб Шклоўскага прадпрыемства Жылкамгас. Фінансавая міліцыя абвінаваціла камунальнікаў у безгаспадарлівасці. Праверка паказала, што ў 2005 годзе кіраўніцтва прадпрыемства заключыла дагаворы на пастаўку абсталявання для сартавальнай станцыі. Частку грошай - 40 мільёнаў рублёў - выдзелілі з бюджэту. Аднак з-за таго, што тэхніку закупілі ў розных вытворцаў, сабраць лінію так і не ўдалося.
Аляксандр Шаройкін, намеснік начальніка ўпраўлення ДФР КДК РБ па Магілёўскай вобласці: У доларавым эквіваленце кошт набытых ліній складаў 25 тысяч долараў ЗША. Усё абсталяванне ў разабраным выглядзе захоўвалася на адным са складоў ЖКГ. Не была забяспечана належная ахова і не былі прызначаныя матэрыяльна-адказныя асобы, што прывяло яго да дэмантажу і крадзяжу.
Гэты выпадак не адзіночны: паводле інфармацыі Дзяржкантролю, у Магілёўскім рэгіёне прадпрыемствамі ЖКГ было закуплена 15 станцый па сартаванні камунальных адходаў. З іх, паводле папярэдняй інфармацыі, 10 не выкарыстоўваюцца.