Фестываль "Каляднае сузор'е фальклору" азнаменаваў новы год у Мінскай вобласці

18 января 2016
Цяперашні Год культуры - асаблівая падстава прадэманстраваць свае таленты для народных і прафесійных калектываў краіны. Пры гэтым Беларусь заўсёды была багатая на культурныя мерапрыемствы. Унікальны фестываль "Каляднае сузор'е фальклору" азнаменаваў новы год у Мінскай вобласці.

Свята наведала наш культурны аглядальнік - Ларыса Гулякевіч.

У Любанскім раёне, што на Міншчыне, адзначаюць новы год - Год культуры - фестывалем "Каляднае сузор'е фальклору". Тут сабраліся народныя калектывы з розных рэгіёнаў Беларусі. Кожны са сваімі рамёствамі, спевамі, са сваёй культурай.

Любанскі калядны фэст прымае гасцей з Магілёўскага, Гомельскага, Брэсцкага рэгіёнаў, нават з самой сталіцы прыехаў музычны калектыў «Гармонік».

Новы год, Нараджэнне Хрыстова, Вадохрышча – усім святам ёсць месца у сцэнарыі фестывалю «Каляднае сузор'е фальклору». Любанскі народны каляндар вельмі багаты на святы і на таленты. Гэта і Масленіца па-любанску, і Русалле, Макавей, Пакровы, дзе людзі разам з артыстамі танцуюць і спяваюць - народныя традыцыі працягваюць.

Сваю народную творчасць прадэманстравалі і знакамітыя дрыбінскія шапавалы з Магілёўшчыны. Гэтыя аўтэнтычныя валёнкі – самыя сапраўдныя мадэлі, у якіх фарсілі нашы продкі ў вялікія маразы. А вось і народныя паясы - таксама вельмі важны аксесуар беларускага адзення. Расперазанага мужыка нават у царкву не пускалі.

Кожны ўзор мае сваю гісторыю і абярэг продкаў. Зараз мода на паясы, фенічкі ды абярэгі вяртаецца і вельмі папулярная сярод моладзі. Значыць, культура і традыцыі беларускія застануцца і прадоўжацца.