Фестываль "Александрыя збірае сяброў" стартуе заўтра. Арганізатары абяцаюць здзівіць

10 июля 2020
Гаворачы аб навінках у прамысловасці, іх, да прыкладу, змогуць убачыць і госці фестывалю "Александрыя збірае сяброў". Ужо заўтра адно з самых доўгачаканых і любімых святаў збярэ на сваіх канцэртных пляцоўках цэлы россып зорак эстрады, унікальныя калектывы і майстроў з усёй Беларусі.  Арганізатары абяцаюць здзівіць усіх і сёлета.


Праграма на любы густ. Фуд-корты з пачастункамі. Сумаваць будзе проста некалі. Андрэй Ястрабаў аб апошніх падрыхтоўках да свята.  
 

Навінкі МТЗ ужо гатовыя да свята ў Александрыі


Цалкам абноўлены дызайн. З новай святлатэхнікай. Фатаграфавацца, вядома, будуць вельмі шмат.  

Ад трактароў для працы ў садзе да гігантаў палёў. Адразу сем навінак легендарнага брэнда "Беларус" ужо на пляцоўцы ў Александрыі. Хоць зараз на рынкі Еўрасаюза - экалагічныя, з электронным кіраваннем. Дарэчы, любімыя экспанаты для сэлфі на фестывалях.     

Брэнд ва ўсім - бадай, тое, што і вызначае фестываль у Александрыі. Тут і багацце нашых аграгарадкоў - дасягненні фермераў і аграсядзіб. 

Палявыя валошкі і рамонкі - ужо ў вазонах для заўтрашніх вянкоў. Звычайна ў Александрыі іх плятуць тысячамі. Сямейныя традыцыі вышэйшыя за ўсё. Гэта таксама брэнд фестывалю. У гэты раз на свята Купалле з усёй краіны з'ехаліся пераможцы сельскагаспадарчага праекта "Уладар сяла". Самыя дружныя, а галоўнае - працавітыя сем'і. Ужо разбіваюць падворкі.  Напаіць цяля, накасіць траву - да конкурсу, гавораць, гатовыя.  

"Настрой баявы. Мы - сям'я Зубко. Прыехалі з Пастаўскага раёна з аграгарадка Юнькі. Прыехалі сюды перамагаць. Калі ласка, кулачкі. Скотнікавы - аграгарадок Александрыя, Шклоўскі раён. Прыязджайце ўсе за нас пахварэць".

Александрыя збірае сяброў 


11-ы раз Александрыя збярэ лепшых майстроў і калектывы на маляўнічым беразе Дняпра. Яго рэчышча адвеку служыла калыскай культуры шматлікіх славянскіх народаў. І злучала беларусаў, расіянаў і ўкраінцаў. Сёння гэтую місію паспяхова працягвае фестываль. Нацыянальныя падворкі ўпрыгожаць яго і гэтым разам. Унікальныя майстры, чые працы - сапраўдныя творы мастацтва. 

Аляксандр Іваненка, намеснік старшыні Шклоўскага райвыканкама: "Тут будзе ўсё: тут будзе цырк, будуць гандлёвыя рады, тут будзе свята кнігі, касцюма. Рамеснікі будуць не толькі прадаваць сваю прадукцыю, але і, калі вы не ўмееце плесці з саломкі, вы гэтыя навыкі тут атрымаеце. І саткаць можна будзе ручнікі, і пакінуць сабе на памяць".

І, вядома, гала-канцэрты. Народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка, народная артыстка Украіны Ірына Білык, заслужаны артыст Расійскай Федэрацыі Дзяніс Майданаў, Аляксандр Саладуха, Іна Афанасьева, Алёна Ланская, Уладзімір Гасцюхін, які ўжо прыехаў у Александрыю.

Уладзімір Гасцюхін, народны артыст Беларусі: "Гэтае свята праходзіла тут кожны год, і праходзіла без мяне. Сёлета мне прапанавалі гэтую гісторыю, і я пагадзіўся. А месцы... Едзеш - і ўжо адразу настрой добры".

Парадуюць гасцей і экскурсійныя маршруты. Па Шклове і Александрыі. Месцы святыя і ўзрушаючыя. Трафімава крыніца з гаючай, заўсёды прахалоднай вадой. Сюды заязджаюць тысячы гасцей, каб проста падыхаць чыстым паветрам. 

Ларыса Селівестрава, дырэктар Шклоўскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея:  "Спаса-Праабражэнскі храм мае дзіўную і ўнікальную гісторыю. Ён вядомы з 19-га стагоддзя. Мы шмат чаго можам цікавага распавесці аб яго заснавальніцы Агафіі Сідаравай. Таксама ў гэты маршрут уваходзіць наша гарадская ратуша". 

Ужо заўтра гэтае мястэчка запоўніцца падворкамі з пачастункамі, выставамі, канцэртнымі пляцоўкамі. Дарэчы, прыедуць сусветныя зоркі, каб ужо заўтра сустрэць гасцей. 

Канцэрты заслужанага калектыву "Медуніца", легендарных "Песняроў". Лепшым аграрыям будуць уручаныя падарункі. І, вядома, якое свята без феерверка і начной дыскатэкі з лепшымі дыджэямі. Александрыя збірае на свята сяброў.