Еўрапейскія гульні павышаюць інвестыцыйную прывабнасць Беларусі

28 июня 2019

Еўрапейскія гульні павышаюць інвестыцыйную прывабнасць Беларусі. Пра гэта напярэдадні заявіў міністр фінансаў. На думку Максіма Ермаловіча, ёсць два значныя эфекты для нашай эканомікі. Апроч адкрыцця краіны для многіх знешніх інвестараў, гэта яшчэ і рост прыбыткаў ад турызму. Ацэньваць яго будуць пазней, калі будзе гатовая адпаведная статыстыка.

Гасцініцы і хостэлы, кафэ і рэстараны, забаўкі і сувеніры. Палічыць, колькі штодня трацяць замежнікі ў Мінску, складана, але, як аказалася, магчыма. 

Антон Малюта вывучыў сярэдні чэк госця сталіцы. Тысячы балельшчыкаў і дзясяткі тысяч аплатных аперацый кожны дзень. Але куды менавіта сыходзяць грошы турыстаў? Галоўны кампанент - плата за пражыванне, з яе і пачнём складаць наш прыблізны чэк. Цэны ў гасцініцах не паднімалі - паспрыяў спецыяльны мемарандум. Сярэдні кошт - 80 рублёў. 

Другая па значнасці пазіцыя - агульнае харчаванне.

Вольны час турыстаў на начной Зыбіцкай мы паказвалі, але вось раніцай яшчэ не былі. Дарэчы, некаторыя турысты лічаць за лепшае пачынаць свой дзень менавіта тут.

Галоўная моладзевая вуліца сталіцы зараз прапаноўвае і кругласутачныя сняданкі. Паводле нашых падлікаў, сярэдні кошт - ад 10 да 15 рублёў. Нават уначы ў меню звыклыя амлет, яечня, бліны, кава або ліманады. Спецыяльна для турыстаў - сняданак па-вясковаму. Па яго прыходзяць не толькі ў першай палове дня.

Без беларускага каларыту не абыходзіцца ні адна фан-зона. Тут, на пляцоўцы ля Палаца спорту, на пытанне, якая страва ўзначальвае топ пераваг, адказ адназначны.

І ў сярэднім на ўсё тыя ж 10 рублёў. Дранікі, шашлыкі, хот-догі і квас - такі прыём ежы цалкам можа замяніць і абед, і вячэру. Пасля хлеба - відовішчы. Забаўкі доўга шукаць не трэба: чарга прагуляцца па Свіслачы на катамаране бачная здалёку. Цікавімся, ці заўсёды такі ажыятаж. 

Арэнда катамарана або лодкі на гадзіну - яшчэ плюс у сярэднім 10 рублёў. Працягваць спіс забавак можна вельмі доўга, у гэтыя дні колькасць наведвальнікаў расце ў магазінах, музеях, аквапарках. Усе гэтыя пазіцыі ўключаем у наш спіс. Ну, а падбіваць чэк будзем у сувенірнай палатцы. 

З'язджаць дахаты турысты будуць з сувенірамі. Гэта могуць быць як звычайныя магніты, вось ад 3 рублёў, так і цэлы камплект адзення з сімволікай мультыспартыўнага форуму.

Майка разам з байкай абыдуцца ў сярэднім у 80 рублёў, яшчэ закупім падушку, рушнік і не забудзем магніцік. Зараз лічым. У залежнасці ад актыўнасці, апетыту і жадання наведаць усе сталічныя славутасці атрымліваем суму ад 150 да 200 рублёў за дзень. Гэта вялікі паказчык, які дае зразумець: у плюсе застануцца ўсе.

Мінск гасцінны прапаноўвае гасцям і мноства бясплатных паслуг - Wi-Fi, мноства забавак у фан-зонах і добраахвотніцкая дапамога. Бо паказчыкі сярэдняга чэка стануць звычайнай статыстыкай, а яркія ўражанні і жаданне вярнуцца да нас яшчэ раз у турыстаў застануцца назаўжды.