"Еўраопт" - лідар сярод рэтэйлераў, якія працуюць у Мінску

16 декабря 2015

У няпростых умовах крызісу беларускія навукоўцы-эканамісты вызначылі гандлёвую сетку з самымі нізкімі цэнамі. Паводле звестак маніторынгу, лідарам сярод усіх шасці рэтэйлераў сталі гіпермаркеты "Еўраопт". За кошт чаго гандлёвай сетцы атрымліваецца зніжаць цэны як гэта ўплывае на паводзіны на спажывецкім рынку - высвятляла Вераніка Бута.

Навукоўцы вызначылі беларускую гандлёвую сетку з самымі нізкімі цэнамі. Даследаванне правялі супрацоўнікі Інстытута эканомікі Нацыянальнай акадэміі навук. Лідарамі сталі гіпермаркеты "Еўраопт". Каб забяспечыць высокую аб'ектыўнасць дадзеных, навукоўцы для маніторынгу ўзялі больш як 5 тысяч самых папулярных у пакупнікоў тавараў, якія складаюць 90% тавараабароту гіпермаркетаў.

Пётр Пякуцька, навуковы сакратар Інстытута эканомікі НАН Беларусі:

"Кошты на тавары параўноўваліся ва ўсіх шасці сетках гіпермаркетаў, г.з. у тых гандлёвых сетках, якія кіруюць двума і больш гіпермаркетамі ў горадзе Мінску. Сярэдні кошт тавараў у гіпермаркетах гандлёвай сеткі "Еўраопт" ніжэйшы на 16,5% - 20,8%, чым сярэдні кошт у гіпермаркетах канкурэнтаў".

У цэлым сёлета цэны ў найбуйнейшых гандлёвых сетках краіны павялічыліся. Аднак іх рост апынуўся прыкметна ніжэйшы за ўзровень інфляцыі. Звычайна менавіта рознічны гандаль хутчэй за ўсіх рэагаваў на змяненне кошту валютнага кошыка. Прадаўцы закладвалі ў завышаныя цэны чаканыя рызыкі ад курсавых страт. Сёлета падобнага не адбылося. І адной з прычын гэтага стала развіццё гандлёвых сетак у краіне і ўзрослая паміж імі канкурэнцыя.

Буйныя гандлёвыя сеткі ў пэўнай ступені спрыяюць паніжэнню інфляцыі ў Беларусі. Паміж імі ўзрастае канкурэнцыя, сеткі больш улічваюць змяненне спажывецкага попыту. У страху страціць пакупніка прадаўцы зніжаюць альбо замарожваюць цэны.

Сёлета значна знізілася цікавасць пакупнікоў да тавараў так званага прэміяльнага сегмента. Спрацоўвае прынцып: "Навошта плаціць больш, калі можна купіць такі ж тавар, але больш танна?". Таму прадаўцы вымушаныя шукаць пастаўшчыкоў якаснай, але таннейшай прадукцыі. У адваротным выпадку яны страцяць пакупніка.

Такім чынам, гандлёвая сетка "Еўраопт", прапаноўваючы найболей даступныя цэны, адзначаюць даследчыкі, шмат у чым выступіла рэгулятарам кошту тавараў на рознічным рынку Беларусі.