Электрамабілі "Джылі" пачнуць прадаваць у Беларусі ў наступным годзе

30 июня 2020
Запас ходу ў мадэлі складзе каля 400-500 кіламетраў. Дызайн будзе такім жа, як і ў прэзентаваным у сакавіку гэтага года кітайскім электракары. На выбар дылеры прапаноўваюць сем колеравых гам. У прыватнасці, у залатой, серабрыстай, крышталёва-белай і блакітнай афарбоўцы. Машыну забяспечаць адаптыўным круіз-кантролем, а таксама функцыяй распазнання дарожных знакаў. Дарэчы, асобныя дэталі будзе збіраць завод пад Барысавам. Арыенціровачны кошт новага электрамабіля - 70 тысяч рублёў. Зараз на прадпрыемстве выпрабаванні праходзіць старая мадэль кітайскай зборкі. Вывучаюцца асаблівасці эксплуатацыі. 

Чакаецца, што электрамабіль будзе цалкам адаптаваны пад еўрапейскі клімат, мультымедыя русіфікуюць, у камплекце таксама будуць ісці спецыяльныя перахаднікі для еўрапейскіх зарадных станцый. 

Аб тым, як будзе развівацца зялёная інфраструктура, ці паўплываў на ўвоз электрамабіляў указ Кіраўніка дзяржавы, раскажам у праекце "На кантролі Прэзідэнта" ў сераду пасля "Панарамы".