Экскурсійна-турыстычная выстава "Прафтур-2016" адкрылася ў Мінску

28 января 2016

Члены прафсаюзаў Беларусі змогуць падарожнічаць па замежжы са скідкай. Гэта толькі адна з магчымасцяў, якую адкрывае перад беларусамі падпісанне дамовы паміж удзельнікамі сустрэчы міжнародных прафсаюзных тураператараў. Падпісаны дакумент быў сёння на экскурсійна-турыстычнай выставе "Прафтур-2016" прадстаўнікамі Грузіі, Казахстана, Малдовы, Расіі і Узбекістана. З маштабнага трохдзённага форуму - рэпартаж Улады Карніцкай.

Шчыра і з уласцівай толькі нашым людзям гасціннасцю "Сардэчна запрашаем у Беларусь!" у Мінску гучала практычна цэлы дзень. У адной з гасцініц сталіцы сабраліся адразу некалькі дзясяткаў турыстычных аператараў прафсаюзаў з 6 краін свету. Такі форум праводзіцца ўпершыню пасля развалу Савецкага Саюза.

І ўсё для таго, каб адрадзіць традыцыю падарожжаў "без межаў".

Тут сёння на некалькі гадзін аб'ядналіся адразу некалькі культур. Кожны змог хоць бы на хвіліну стаць, напрыклад, ткачом і стварыць сапраўдны беларускі пояс з нацыянальным арнаментам. А яшчэ нібы перанесціся ў Грузію або Казахстан. Для гэтага трэба было ўсяго толькі паспытаць нацыянальныя стравы гэтых краін.

І гэта на выставе, арганізаванай прама ў холе. Усяго 16 фіналістаў конкурсу, які праводзіла прафсаюзная арганізацыя ўвесь год. Гэта не прафесіяналы турыстычнай індустрыі, гэта людзі, якія неабыякавыя да векавых легенд, непаўторнай прыгажосці прыроды і захавання знакавых гістарычных месцаў нашай краіны. Усе яны сёння прэзентавалі свае турыстычныя маршруты. І ўсе яны незвычайныя, са сваім каларытам. Напрыклад, прафсаюзныя работнікі гомельскага рэгіёна фактычна стварылі залатое кольца вобласці.

Леанід Барабанаў, старшыня Гомельскага абласнога аб'яднання прафсаюзаў: "Гомельская вобласць багатая менавіта на гісторыю. Мяркуйце самі: Кірыла Тураўскі, горад Тураў з усімі крыжамі і са ўсімі пахаваннямі, Юровічы, стаянка першабытнага чалавека, унікальны музей рускага абраза, палеская зона, Ляскавічы".

І гэта толькі частка турыстычнага патэнцыялу краіны, які сёння ўбачылі замежныя госці і не толькі.

Міхаіл Партной, намеснік міністра спорту і турызму Беларусі: "Нам не хапае рэкламы, гэта наша асноўная праблема, і тут - на ўнутраным рынку, і на міжнародным рынку. Таму трэба вось гэтую інфарматыўную блакаду пераадолець і больш актыўна працаваць па рэкламе нашага прадукту".

І, мяркуючы па настроі на форуме, такая прэзентацыя зрабіла сваю справу. Напрыклад, грузінскія прафсаюзы сур'ёзна зацікавіліся санаторным аздараўленнем сваіх суайчыннікаў у нашай краіне

Але спачатку прадстаўнікі ўсіх краін - удзельніц форуму падпісалі афіцыйны дакумент аб супрацоўніцтве. Гэтае камюніке, магчыма, і стане першым крокам да супрацоўніцтва паміж турыстычнымі аператарамі прафсаюзаў Грузіі, Казахстана, Малдовы, Расіі і Узбекістана.

І сёння ж стала вядома, што скідкі на падарожжы ў краіны Садружнасці Незалежных Дзяржаў - не адзінае дасягненне нашага прафсаюзнага руху. Напярэдадні такая ж дамова была падпісаная з В'етнамам. А значыць, беларусы ўжо хутка змогуць ездзіць у гэтую экзатычную краіну танней на 20%. І, вядома, прымаць замежнікаў з уласцівай нам гасціннасцю, але і з такой жа прыемнай скідкай.