Двайное свята ў адной са знакамітых педагагічных дынастый Мінска

29 сентября 2016

Ушанаванні з нагоды прафесійнага свята на гэтым тыдні прымаюць настаўнікі Мінска. У школах, гімназіях і каледжах настаўнікаў віншуюць тыя, каму педагогі прысвячаюць сваё жыццё, – вучні. Тое, што настаўнік не прафесія, а хутчэй прызванне, пацвярджаюць шматлікія ўзнагароды і педагагічныя дынастыі сталіцы.

Сёлета ў адной са знакамітых педагагічных дынастый горада двайное свята. Ганне Каваленцы, найстарэйшай на сёння прадстаўніцы, споўнілася 100 гадоў.

Аляксандра Драгун пра прафесію, якая звязвае пакаленні.

Штодня больш за тры дзясяткі гадоў адной дарогай ідзе ў дом ведаў Ларыса Адашкевіч. Будынак, дзе сёння дзецям камфортна спасцігаць навуку, а калегам працаваць, рос на яе вачах. З адкрыццём школы ў 1985-м Ларыса Адашкевіч стала яе дырэктарам. Ад дагледжаных кветнікаў да ўтульных кабінетаў - у дробязях бачны след руплівай гаспадыні.

Цяпер, як і належыць кіраўніку, абавязкі крыху іншыя. Але ж у клас, дзе калісьці сустракала зацікаўленыя позіркі сваіх вучняў, заўсёды вяртаецца з трапяткім пачуццём. 16 гадоў таму за ўзорныя вынікі ў адукацыі і выхаванні дзяцей 171-я школа змяніла статус - яе перайменавалі ў 22-ю гімназію.

Наталля Кендыш, намеснік дырэктара гімназіі № 22 г. Мінска:

«За сваё доўгае жыццё ў гімназіі да яе я прыходзіла шмат разоў, як да маці. Па параду, па падтрымку, і заўсёды гэта атрымлівала. Ларыса Аляксандраўна не проста настаўнік, а настаўнік, як кажуць, у сёмым пакаленні. Гэта дае асаблівы статус і мажлівасць раскрывацца».

На педагагічнай ніве сваякі Ларысы Адашкевіч працуюць больш за тры сотні гадоў. Безумоўна, прыкладам настаўніцкай самаадданасці і ўзорам для пераймання для дырэктара 22-й гімназіі стала яе маці – Ганна Каваленка.

Сёлетні верасень для Ганны Якаўлеўны Каваленкі знакавы. Яна адзначыла стагадовы юбілей! Настаўнічаць пачала у сямнаццаць – адразу пасля выпускнога. Выкладала ў пачатковых класах.

Пасля Вялікай Айчыннай Ганна Каваленка выкладала грамату ў вячэрняй школе. Вучні былі рознага ўзросту, іншы раз старэйшыя за яе ці бацькі з дзецьмі ў адным класе. На заслужаным адпачынку таксама выкладае. Завочна. Мудрая парада заўсёды дарэчы прадаўжальнікам педагагічнай дынастыі - дачцэ і ўнучцы.