Палацава-паркавы ансамбль у Нясвіжскім раёне чакае інвестараў

13 мая 2021

Прайшла ацэнку, экспертызу і выстаўляецца на аўкцыён! Сядзіба шляхціцаў Рдултоўскіх у мястэчку Сноў Нясвіжскага раёна выстаўляецца на продаж. Яе пераўтвораць у турыстычны комплекс або ва ўстанову бізнесу. Гістарычны помнік пачатку 19 стагоддзя ацанілі ў 715 тысяч беларускіх рублёў. Чым жа прывабная гэтая сядзіба?! Раскажа Наталля Бардзілоўская.

20 кіламетраў ад Нясвіжа. Вядомы на ўсю краіну аграгарадок Сноў - тут знаходзіцца адна з вядучых у галіне АПК гаспадарак Беларусі. Але ж гэтыя землі могуць пахваліцца не толькі сучаснымі дасягненнямі, але і багатай старажытнай спадчынай.

Мястэчка Сноў вядзе сваю гісторыю з часоў Вялікага Княства Літоўскага. Але галоўная архітэктурная каштоўнасць тут з'явілася ў стагоддзі 19-м. Гэта палацава-паркавы комплекс, які належаў арыстакратам Рдултоўскім. Помнік гісторыі. Узор класіцызму. Знутры ён мяняўся, але звонку мае амаль першапачатковы выгляд.

Рдултоўскія пасяліліся на сноўскіх тэрыторыях ў 17 стагоддзі. Пабудавалі касцёл (тут радавая пахавальня). Але храм пацярпеў ад часу і не захаваў першапачатковы выгляд. Іншая справа - сядзіба. Звесткі з летапісу: у гэтым доме і на сумежнай тэрыторыі з паркам і каскадам сажалак гасцілі і Адам Міцкевіч, і брат Напалеона Банапарта Іеранім. Сёння будынак унікальны менавіта сваёй некранутасцю з тых часоў. Знешне ён поўнасцю арыгінальны. Увесь двухпавярховы корпус без значных пашкоджанняў. Такія ж, як былі два стагоддзі таму, калоны, порцікі, ляпніна, сцены без расколін і лесвіцы.

Аляксандр Круглік, начальнік аддзела Нясвіжскага райвыканкама:

Як відаць, мы тут знаходзімся ў бальнай зале - тут кіпела свецкае жыццё, дзе праходзілі балі і, пэўна, графы Рдултоўскія сустракалі сваіх гасцей. Злева ад нас знаходзіцца вестыбюль, куды госці ўваходзілі і траплялі ў асноўны будынак.

Унутранае начынне плошчай 2 500 квадратаў цяпер мае можа і менш прэзентабельны выгляд, але тут захаваліся столевыя разеткі і арнаменты. І сёння ў даўно нежылым будынку ёсць святло і вада! З дзясятак гадоў памяшканні пустуюць. Пасля Рдултоўскіх у 19 стагоддзі тут гаспадарылі Гарцінгі. А падчас Першай сусветнай вайны уладарамі палаца сталі польскія афіцэры. У гэтых пакоях арганізавалі канцылярыю, жыллё і... нават казіно!

Вольга Шкрабіна, старшы навуковы супрацоўнік Нясвіжскага гісторыка-краязнаўчага музея:

Пасля Вялікай Айчыннай вайны ў гэтым будынку знаходзяцца медыцынскія ўстановы. Апошнія ўладальнікі - гэта быў 2-гі памежны шпіталь органаў памежнай службы РБ, які ў пачатку 2014 года быў расфарміраваны.

Пасля выезду шпіталя сядзібу захавалі да кожнай цаглінкі: закансерваваны аб'ект знаходзіцца пад аховай дзяржавы. Але інвестыцыйныя ўкладанні ў гістарычны будынак патрэбныя, як і рэстаўрацыя. І як мага хутчэй.