Дзве гадзіны адкрытай размовы

7 марта 2015

Будаўніцтва новых гандлёвых пунктаў, рамонт дарог і жылога фонду, а таксама адкрыццё аўтавакзала. Такія пытанні сёння задавалі жыхары Барысаўскага раёна падчас прамой тэлефоннай лініі. За дзве гадзіны адкрытай размовы старшыня Савета дэпутатаў выслухаў дзясятак праблемных пытанняў.

Рэпартаж Аляксандра Хараўца.

Рэканструкцыя аўтавакзала у Барысаве пачалася яшчэ ў маі 2013. Улады абяцалі зрабіць рамонт напярэдадні новага 2015-га. Аднак тэрміны адкрыцця ўвесь час пераносіліся. Пасажыры дагэтуль чакаюць аўтобусы амаль што на вуліцы.

Штодзень паслугамі аўтавакзала карыстаюцца каля 2 тысяч чалавек. А вось гэты аўтобус і ёсць часовая зала чакання. Салон умяшчае не больш за 5 дзясяткаў пасажыраў, астатнім жа прыходзіцца знаходзіцца вось на гэтай платформе.

Вось і сёння падчас прамой тэлефоннай лініі са старшынёй Барысаўскага савета дэпутатаў Пятром Навіцкім людзі цікавіліся, калі ж, нарэшце, адкрыецца аўтавакзал?

Пачне работу аўтавакзал і сапраўды хутка. Паводле слоў мясцовых улад, ужо на наступным тыдні пасажыры змогуць ацаніць новыя камфартабельныя залы чакання і сучасныя платформы. Прычына ж пастаяннага пераносу тэрмінаў адкрыцця будынка кіраўнік аўтавакзала тлумачыць несвоечасовым паступленнем будаўнічых матэрыялаў.

Будаўніцтва новых гандлёвых пунктаў, рамонт дарог, выдзяленне зямельных надзелаў. Гэтыя пытанні таксама хвалявалі жыхароў Барысаўскага раёна. Асноўная ж маса пытанняў тычылася рамонту жылога фонду.

Сёння словы “алё, чым магу дапамагчы?» пачулі сотні жыхароў цэнтральнага рэгіёна. Большасць праблем вырашалася адразу ж на месцы. Астатнія пытанні, паабяцалі ў выканаўчых камітэтах, у стол не адпраўляць.