Старажытнаму мястэчку Гайна 625!

13 апреля 2022

Год гістарычнай памяці для жыхароў аграгарадка Гайна Лагойскага раёна стане ўдвая знакавым.  Старажытнаму мястэчку 625! Пра адзін з самых густанаселеных сельскіх пунктаў, што вядомы  сваімі помнікамі, краявідамі і шматвяковым летапісам, раскажа кніга, якую ўласнымі сіламі да юбілею выдаюць мясцовыя жыхары.  

Акрамя падрыхтоўкі гістарычнага нарыса, аднавяскоўцы занятыя і добраўпарадкаваннем Гайны, азеляненнем і аднаўленнем мястэчка. Наталля Бардзілоўская пра падрыхтоўку малой радзімы да вялікага юбілею. 

Час вясновага добраўпарадкавання і азелянення

Па ўсім аграгарадку ажыўлены  рух. Гэта энтузіясты-аднавяскоўцы без усялякіх дадатковых заахвочванняў  прыводзяць мястэчка ў парадак не толькі пасля зімы - напярэдадні вялікага юбілею. Гайне 625! Маштабныя святкаванні запланаваныя на жнівень, а падрыхтоўка і добраўпарадкаванне пачаліся ўжо зараз. Бо планы вялікія. Прыбраць, упрыгожыць, знесці састарэлыя аб'екты і ўзвесці тыя, якіх не хапае.

Добраўпарадкаванне невыпадкова пачалі з рэчкі. Айна - раней, цяпер – Гайна. Галоўны прыток Бярэзіны падзяляе вёску. Раней з аднаго боку жылі балты, з другога славяне. Цяпер ніякага падзелу па этнічнай прыкмеце няма. Усе разам клапоцяцца пра чысціню і ўтульнасць воднай артэрыі. 

Сёння ў аграгарадку пражываюць 350 чалавек. За добраўпарадкаванне ўзяліся самыя актыўныя гайнаўцы. Стварылі віртуальны чат, у які запрасілі ўсіх суседзяў. Спадзяюцца на неабыякавасць людзей і іх жаданне ўпрыгожваць і рабіць утульнай малую радзіму.  

На цэнтральнай плошчы гайнаўцы плануюць разбіць кветнікі, разнастаіць дрэвамі парк. Месца тут заўсёды было ганаровае - у старыя часы на скрыжаванні галоўных дарог збіраліся купцы, шумеў гандлёвы кірмаш. Сярод гістарычна важных месцаў і манумент пераможцам на ўездзе ў аграгарадок, і гара з крыжамі-знакамі на месцы былога касцёла, самай старой пабудовы паселішча. Храм, узведзены Ягайлам, прастаяў 6 стагоддзяў, у гады Вялікай Айчыннай быў разбураны. У вёсцы ёсць і яшчэ адзін старажытны аб'ект. Зрэшты, таксама сёлетні юбіляр.

Школа Гайны - найстарэйшая ў Беларусі. Роўна 500 гадоў таму менавіта на гэтым месцы была заснаваная першая навучальная ўстанова для дзяцей. Яна існавала пры каталіцкім манастыры.

Гайне 625. Багатая гісторыя, аўтэнтыка і маляўнічасць мясцін могуць зацікавіць турыстаў. А гідамі па цікавых маршрутах з задавальненнем будуць самі мясцовыя жыхары. Ім ёсць што паказаць і пра што распавесці.