Дарогамі Янкі Купалы: Вязынка і іншыя мясціны, звязаныя з біяграфіяй і творчасцю паэта

7 июля 2022

Вязынка - адна з самых вядомых купалаўскіх мясцін. Ёсць і іншыя знакавыя мясціны, звязаныя з важнымі старонкамі ў біяграфіі і творчасці паэта. Дарогамі Купалы - рэпартаж Наталлі Бардзілоўскай, якая нагадала пра куточкі Беларусі, якія натхнялі нашага песняра.

Нарадзіўся ў Вязынцы і пражыў тут з бацькамі ўсяго год. Здавалася б, мястэчка не магло застацца ва ўспамінах паэта. Але прыгажосць краявідаў і буянне фарбаў у час, калі аднагадовым Яська вучыўся хадзіць, ці не ўвайшла сама энергетыка малой радзімы ў падсвядомасць будучага песняра? Чуў спевы маці, убіраў у сябе гучанне роднага слова і неасэнсавана ўлюбляўся ў родны край.

Бацькі часта пераязджалі. А ў 1902 годзе не стала бацькі, і маці з сёстрамі пасяліліся ў Акопах. Сёння тут, як і ў Вязынцы,  філіял купалаўскага музея. 

Вучыўся, працаваў, каб дапамагчы сям'і.  У Акопах Іван Луцэвіч быў наездамі. Але менавіта тут перажыў плённы і яркі перыяд жыцця. Бачыў і спасцігаў каларыт народных свят і абрадаў, сустракаўся з аднадумцамі, з мясцовых вяскоўцаў пісаў герояў "Паўлінкі", "Прымакоў", "Раскіданага гнязда", "Тутэйшых", "Бандароўны" і з сотню вершаў - гэта ўсё "акопаўскі" перыяд творчасці Купалы.    

Дом-музей у Акопах - гэта класічныя экспазіцыі (вось рэканструкцыя гасцёўні дробнай шляхты, вось рабочы куток Івана Луцэвіча). Працуюць інтэрактывы. І фотазоны для моладзі, якая жыве фарматамі стрымаў і сэлфі. Глядзіце, якое непаўторнае прызнанне з галінак вярбы стварыла для любімага паэта дырэктар філіяла, народны майстар па лозапляценні Алена Гурэцкая! І такіх самабытных куточкаў у акопскіх мясцінах нямала.

Загляне сонца і ў наша ваконца! Тут, у Акопах, прыдумалі спецыяльную фотазону, каб пацвердзіць: Купала - наша сонейка. А яшчэ праз гэты праём можна ўбачыць помнік песняру, які быў усталяваны ў 90-ых.

За кіламетраў сорак ад Акопаў Яхімоўшчына. Біяграфічна ж - адлегласць ад юнага рамантыка да мужнага маладога паэта, які ўсвядоміў сябе грамадзянінам і беларусам. 

І сам будынак, і ўсё, што ў ім, такое, як было падчас Купалы. Абсалютна аўтэнтычнае. Пакой, які халасцяку Купалу даў работадавец пан Сулістроўскі. Рукапісы і кніжкі, напісаныя ў гэты час. Вось "Жалейка" - першы пяснярскі зборнік - нават у тыя часы яго ацанілі высока і не толькі літаратурна: каштавала кніжка 50 капеек, за такія грошы можна было купіць карову!

Святлана Ціс, загадчыца філіяла "Яхімоўшчына" Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы: 

А вось той верш, які быў напісаны ў Яхімоўшчыне. "А хто там ідзе ў вялікай той грамадзе..." ў свой час быў перакладзены на ноты.

У Беларусі шмат маршрутаў для купалазнаўства. Ляўкі - дача ўжо сталага паэта. І Мінск з "домам пад таполяй", дзе паэт сустрэў вайну і паехаў у эвакуацыю. На радзіму Іван Дамінікавіч Луцэвіч так і не вярнуўся. Але сёння ён з намі, у роднай Беларусі!