Доўгачаканая цеплыня спрыяе навядзенню парадку

9 апреля 2018

Добрае надвор'е на выхадных спрыяла тым, хто вырашыў далучыцца да генеральнай уборкі горада. Агульнымі намаганнямі ўжо прыбрана больш за тры тысячы гектараў, высаджана каля двух з паловай тысяч дрэў і кустоў. Пафарбавана дзіцячае абсталяванне, адрамантаваны навесы прыпыначных пунктаў, у дварах з'явіліся новыя лаўкі, а на дрэвах размясцілі домікі для птушак. Наталля Кузьміцкая працягне тэму.

Сквер Чаньчунь не толькі сімвалічны аб'ект, названы ў гонар горада-пабраціма Мінска, а яшчэ і бадай адзіная зялёная зона ў гэтым раёне жылой забудовы. Навесці парадак мясцовым жыхарам сёлета тут дапамагаюць вучні 19 школы. Падчас працоўнай акцыі стварылі і невялічкі гарадок для крылатых насельнікаў сквера.

Працоўны дэсант студэнтаў БНТУ далучыўся да суботніка жыхароў вуліцы Мележа. Пасля зімы тут прыбіралі дзіцячыя пляцоўкі і высаджвалі дрэвы, каб ужо летам зазелянела невялічкая алея.

Дарэчы, генеральную ўборку камунальнікі праводзяць не толькі ў дварах, скверах і парках. Дапамагаюць жыхарам горада навесці парадак і ў кватэрах – падчас акцый па зборы макулатуры і старой тэхнікі. Такім чынам, можна не толькі пазбавіцца ад зламаных халадзільнікаў або тэлевізараў, але і зарабіць пры гэтым.

Адмысловыя чыстыя акцыі запланаваны на кожную суботу месяца. Таксама вызначаны і пляцоўкі, на якіх у найбліжэйшыя выхадныя працягнецца добраўпарадкаванне.

Дарэчы, з пачатку месяца ў горадзе прыбрана каля 3 тыс гектараў тэрыторый, абноўлены кветнікі, дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі, адрамантаваны навесы прыпыначных пунктаў. Пачалася афарбоўка канструкцый вулічнага асвятлення, лавак, кантэйнерных пляцовак.