Дакументальны зборнік стаў асновай новага радыёфільма-рэквіема "Вогненная памяць"

22 марта 2023

Трагедыю ў Хатыні адчуў на сабе абсалютна кожны рэгіён Беларусі. Па ўсёй краіне былі спалены больш за 10 тысяч вёсак. Толькі 147 з іх Алесь Адамовіч, Уладзімір Калеснік і Янка Брыль аб'ездзілі з 1970 па 1973 гады, каб захаваць на стагоддзі ўспаміны відавочцаў тых страшных падзей у кнізе-памяці "Я - з вогненнай вёскі...". Дакументальны зборнік стаў асновай новага радыёфільма-рэквіема "Вогненная памяць". Падрабязнасці ў Вольгі Мядзведзь.

На хвалях "Тэатра Беларускага радыё" - "Вогненная памяць"

"Вогненная памяць" нашай зямлі… Жахлівая трагедыя генацыду беларускага народа на хвалях першага Нацыянальнага канала радыё ў новым жанры радыёфільма. Факты ад цудам выжыўшых жыхароў спаленых вёсак, якіх у свой час Адамовіч, Брыль і Калеснік захавалі на кіламетрах стужкі, загучаць упершыню.

У цітрах - лепшы склад! Болю Беларусі ў чатырох частках аўдыёдраматургіі свае галасы падарылі народныя і заслужаныя артысты, многія і самі дзеці вайны.

З соцень успамінаў у радыёфільм-рэквіем уключылі амаль тры дзясяткі гісторый агульным хронаметражом 200 хвілін. Пачуем і рэальных сведкаў! У пастаноўку ўключаны і сапраўдныя галасы тых, хто выратаваўся са спаленых вёсак. Фрагменты выкарыстаны з пласцінак-дадатка да кнігі-помніка "Я з вогненнай вёскі..."

Боль - у нотах! Спецыяльна да радыёфільма напісана музычнае суправаджэнне, каб стварыць слухачам адпаведную атмасферу для поўнага перажывання падзей. Дарэчы, дапаўненне "рэквіем" у апісанні жанру з’явілася дзякуючы сачыненням кампазітара Уладзіміра Саўчыка, а агучылі саўндтрэкі сімфанічны аркестр і Акадэмічны хор Белтэлерадыёкампаніі.

На жаль, гэтая партытура стала апошняй у жыцці аўтара. Уладзіміра Саўчыка не стала на мінулым тыдні. Выдатны беларускі кампазітар памер 16 сакавіка ва ўзросце 70 гадоў.

Пачуць яго твор лейтматывам радыёфільма "Вогненная памяць" можна ў партэры "Тэатра беларускага радыё" з 23 па 27 сакавіка.