Сардэчна запрашаем па веды!

1 сентября 2015

Абітурыенты сёння прайшлі абрад пасвячэння ў першакурснікі, школьнікі наведалі першыя ўрокі, якія, паводле традыцыі, прайшлі пад агульным слоганам: "На цябе, наша моладзь, надзея". Некаторыя адкрытыя заняткі для вучняў асабіста правялі кіраўнікі міністэрстваў. Прычым шматлікія вырашылі адмовіцца ад стандартных урокаў у класе і арганізавалі экскурсіі ў сваіх падведамных установах. У гэты ж час у ВНУ і каледжах студэнты атрымлівалі свае заліковыя кніжкі і давалі клятвы першакурснікаў. Аб тым, як правялі 1 верасня ў Беларусі, больш падрабязна раскажа Кацярына Шыбко.

Юлія Дымша яшчэ ў школе вызначылася, што будзе падаваць дакументы менавіта ў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце. Тут, дзеліцца з уласцівым максімалізмам першакурсніца, столькі магчымасцяў. Галоўнае іх не выпусціць. Ва ўсякім разе, за свой шанец паступіць на бюджэт дзяўчыне прыйшлося сур'ёзна пазмагацца.

Бо кожны выпускнік гэтай альма-матар аўтаматычна трапляе ў залаты кадравы рэзерв краіны. Зараз спецыялісты ВНУ праводзяць маніторынг базы дадзеных сваіх выпускнікоў, пачынаючы з 1992 года. У першую чаргу сочаць за тым, як складаецца кар'ера былых студэнтаў акадэміі.

Ігар Бузоўскі, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта: "Гэта сёння не проста навучальная ўстанова - гэта тая стратэгія, якая выбіраецца дзяржавай, той акцэнт, які ставіцца Кіраўніком дзяржавы на павышэнне кваліфікацыі кіраўнічых кадраў. І кіраўнічых кадраў у сферы кіраўніцтва дзяржулады - заканадаўчай, выканаўчай - людзей, якія павінны прымаць рашэнні на самых розных узроўнях і якія дазваляюць у далейшым працаваць".

Дзень ведаў для гэтых юнакоў пачаўся з практыкі. Адкрыты занятак для студэнтаў мінскага прафесійнага ліцэя машынабудавання асабіста правёў прэм'ер-міністр краіны Андрэй Кабякоў на прадпрыемстве, з якога выязджаюць самыя вялікія ў свеце машыны. Падчас такой адкрытай ва ўсіх сэнсах лекцыі на БелАЗе кіраўнік урада распавёў пра свій вопыт працы інжынерам у цэху завода імя Вавілава і адкрыта прызнаўся, чаму шкадуе, што ў свой час не атрымаў працоўнай спецыяльнасці.

Аб тым, што ўяўляе сабою самастойнае жыццё, першакурснікі зразумеюць, бадай, ледзь пазней. Сёння студэнты атрымліваюць свае залікоўкі і прамаўляюць доўгачаканую клятву. Сёлета ў найстарэйшую ВНУ краіны паступілі 5 тысяч абітурыентаў. Дарэчы, прахадныя балы сёлета ў Белдзяржуніверсітэце (у параўнанні з мінулай уступнай кампаніяй) павысіліся практычна на ўсіх факультэтах.

Як ніколі высокія прахадныя балы і сур'ёзная канкурэнцыя сталі асаблівасцю ўступнай кампаніі на педагагічныя спецыяльнасці. Па-ранейшаму без іспытаў маглі паступаць медалісты і пераможцы алімпіяд.

Стала больш не толькі студэнтаў, але і магчымасцяў сёлета ў лінгвістычным універсітэце. У "кузні паліглотаў" з гэтага часу прапаноўваюць вывучаць партугальскую і нават пушту, на якой гавораць жыхары шэрагу рэгіёнаў Пакістана. Што ж датычыцца працы ВНУ ў цэлым, то з новага навучальнага года адукацыйны працэс будзе паступова карэкціравацца з улікам уступлення Беларусі ў Балонскі працэс.

Навіны ў гэтым навучальным годзе чакаюць і школьнікаў. Бо з верасня афіцыйна адкрыюцца профільныя класы. Змены ў сферы адукацыі будуць прапісаныя ў новым кодэксе. Дакумент плануюць разгледзець дэпутаты ў пачатку наступнага года. Над дакументам працуюць спецыялісты розных ведамстваў. А з мая 2014-га магчымасць паўдзельнічаць у абмеркаванні праекта з'явілася ў педагогаў.

А пакуль жа - прызнаюцца настаўнікі - рыхтаваліся да першых урокаў. Паводле традыцыі, заняткі прайшлі пад агульным слоганам: "На цябе, наша моладзь, надзея". Шматлікія вырашылі адмовіцца ад стандартных урокаў у класе і арганізавалі экскурсіі ў сваіх падведамных установах. З адкрытага ўроку ў Вярхоўным судзе пачаўся навучальны год для выпускнога класа 42-й гімназіі Мінска. Юнакі і дзяўчаты вучацца ў профільнай гімназіі, і большасць з іх у будучыні плануюць звязаць сваё жыццё з правасуддзем. А вось аб тым, хто і як будзе абараняць працоўныя калектывы, вучням падчас адкрытага ўроку распавялі ў штаб-кватэры Федэрацыі прафсаюзаў.

Дзень ведаў у 4-й сталічнай гімназіі самі вучні жартам назвалі медыйным. Для школьнікаў тэлевіктарыну "Размаўляем па-беларуску" правяла Алена Трацэнка - вядучая аднайменнага праекта на тэлеканале "Беларусь 3".

Свой першы ўрок кожны, напэўна, запомніць надоўга. 1 верасня - гэта асаблівы дзень, незалежна для школьніка або студэнта, проста гэта яшчэ адна чарговая прыступка асабістага росту, калі не проста сталееш, а ставіш новыя мэты і імкнешся стаць яшчэ лепшым.