Для жыхароў Брэста сустракаць Дзень Перамогі ў цытадэлі - сямейная традыцыя

9 мая 2017

Традыцыйна шматлюдна на 9 Мая ў легендарнай Брэсцкай крэпасці-герою. Гэта галоўная пляцоўка святкавання. Сёння, каб ушанаваць памяць загінуўшых і падзякаваць жывым, у мемарыяльны комплекс прыехалі шматлікія госці з Расіі, Польшчы, Украіны, Славакіі. Для саміх жа жыхароў Брэста сустракаць Дзень Перамогі ў цытадэлі - сямейная традыцыя. Сюды ішлі з унукамі, праўнукамі, каб схіліць галаву перад подзвігам і мужнасцю абаронцаў крэпасці.

Расказвае Вікторыя Патоня. Словы падзякі на адрас ветэранаў гучаць сёння ва ўсіх кутках краіны. Да мемарыяльных пліт людзі нясуць кветкі. Успамінаюць тых, хто абараняў Радзіму на франтах і ў тыле. У Брэсце галоўнай пляцоўкай святкавання Вялікай Перамогі стала Брэсцкая крэпасць-герой. Сюды ўрачыстым шэсцем прыйшлі каля 30 тысяч чалавек.

Партрэты ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны пранеслі іх сваякі падчас акцыі "Беларусь памятае!". Леанід Папоў разам з сынам спецыяльна прыехаў з расійскага горада Іванава. Ён ганарыцца сваім дзедам-сапёрам і нават названы ў яго гонар. Гісторыю маленькага подзвігу пад Кенігсбергам у гэтай сям'і ведае кожны.

Дзмітрый Папоў, удзельнік акцыі "Беларусь памятае!":

"Падчас адной аперацыі па размініраванні міннага поля ён падарваўся на міне. Атрымаў сур'ёзныя раненні, але аперацыю не спыніў. І так былі абясшкоджаныя ўсе міны. Дайшоў да канца вайны і атрымаў ордэн Чырвонай Зоркі".

Кожную вясну ў Брэсцкай крэпасці ўспамінаюць аб подзвігу яе абаронцаў. Да Вечнага агню і пліт некропаля ўскладаюць жывыя кветкі і вянкі. Хвіліна маўчання - як даніна павагі. У цытадэлі гучаць і мемарыяльныя пазыўныя. Спецыяльна да 9 Мая ўсталяваная станцыя. Радыёаматары са ўсяго свету віншуюць адзін аднаго са святам!

Кацюхін, Разанаў, Панкратаў… Прозвішчы гэтых лётчыкаў з'явіліся на магіле экіпажа, які ў ліпені 1944-га быў збіты нямецкім знішчальнікам паблізу ад вёскі Святаполка. Ісціну дапамаглі ўстанавіць спецыялісты атрада "Авіяпошук. Брэст".

Песні Перамогі гучаць у парках, на вуліцах і ў дварах. Павіншаваць жыхароў святочным канцэртам прыехалі кадэты з Пермі. А ўвечары неба над Брэсцкай крэпасцю расфарбуе салют. У мірным небе прагрымяць 30 залпаў.