Дзявятае месца на міжнародным конкурсе прафесійнага майстэрства ў Сан-Паўлу

2 сентября 2015

Дзявятае месца на міжнародным конкурсе прафесійнага майстэрства ў Сан-Паўлу заняла мінчанка Вольга Закрэўская. Дзяўчыну адзначылі ў намінацыі “Дызайн адзення”. Гэты форум праводзіцца 43 раз, але каманда Беларусі паўдзельнічала ў ім упершыню. Тут спаборнічаюць навучэнцы каледжаў, ліцэяў і прафесійныя рабочыя ва ўзросце да 22 гадоў. Гісторыя поспеху ў рэпартажы Антаніны Станкевіч.

Яшчэ не ўсе сябры і знаёмыя паспелі павіншаваць Вольгу з выдатным вынікам – дзявятым месцам на міжнародным конкурсе прафесійнага майстэрства, а яна ўжо цалкам у новых эскізах, мадэлях і ідэях. Усе фантазіі знаходзяць сваё ўвасабленне на паперы. У гэтых замалёўках звычайным алоўкам ужо сёння лёгка пазнаць руку сапраўднага майстра.

За плячамі ў Вольгі некалькі дзясяткаў конкурсаў і модных паказаў у Беларусі. Але на міжнародны форум трапіла ўпершыню – і адразу ж апынулася ў дзясятцы. Даказваць сваё майстэрства прыйшлося на некалькіх этапах. Давялося і намаляваць эскіз пад пэўную тканіну, і з абрэзкаў накалоць на шпількі сукенку, і за некалькі гадзін пашыць убор. І ўсё гэта за абмежаваны час.

Майстар вытворчага навучання Ірына Марозава не нарадуецца на таленавітую вучаніцу. З такой займацца – адно задавальненне, прызнаецца выкладчык. Падчас падрыхтоўкі прыйшлося асвоіць новыя методыкі і тэхналогіі і нават разабрацца са складанымі лекаламі, якія адрозніваюцца ад беларускіх.

У выніку дзявятае месца і ў якасці ўзнагароды – медаль выдатніка. Абысці таленавітую беларуску змаглі толькі сапернікі з Азіі. Прадстаўнікі прызнаных краін – заканадаўцаў моды (такіх, як Францыя, Іспанія і Італія) засталіся па-за дзясяткай пераможцаў.

Спыняцца на дасягненнях Вольга не збіраецца, тым больш што ў каледжы здаровая канкурэнцыя. Таленавітых маладых дзяўчат і нават юнакоў хапае, не без гонару кажуць у адміністрацыі. Усе яны маюць не толькі магчымасць удасканальваць сваё майстэрства падчас шматлікіх конкурсаў, але і гарантавана атрымліваюць добрую практыку і прафесію у свае 20 з хвосцікам.

У наступным годзе на конкурс Вольга ўжо не пройдзе па ўзросце. Але ўдзел у міжнародным форуме – гэта не прыгожы фінал, а толькі старт кар’еры, упэўнена дзяўчына. Тым больш што ідэй хапае. Не выключана, што праз некалькі гадоў яны ператворацца ва ўласны брэнд.