Дзіцячай мастацкай школе № 1 імя В. К. Цвіркі - 65!

19 октября 2023

"Школа з традыцыямі" - так называюць Мінскую дзіцячую школу мастацтваў № 1 імя Цвіркі, якая сёлета адзначае 65 гадоў заснавання. Адна з найстарэйшых устаноў мастацкага профілю Беларусі. Ва ўнікальны свет юных мастакоў праз прызму жывапісных работ вучняў школы зазірнула Ларыса Гулякевіч.

Тут пануе атмасфера творчасці, бурліць энергія талентаў. Традыцыі і навацыі суіснуюць побач, а класіка сябруе з творчымі эксперыментамі.

Навучыцца дакладна перадаваць выяву прадмета - адзін з першых крокаў на ўроку малявання. Потым - больш складаныя заданні і этапы для мастакоў-пачаткоўцаў.

Педагог і мастак Валянцін Нудноў у мастацкай школе № 1 выкладае амаль 20 гадоў. Лічыць, што базавая аснова класічнага малюнка дапаможа яго вучням знайсці ў шматгранным сучасным мастацтве свой асабісты стыль.

Ганна Бетанава - таксама адзін з найстарэйшых педагогаў-мастакоў школы, з якой звязана ўсё яе жыццё.

А вось Соф’я Ціхановіч - малады спецыяліст - педагог па скульптуры. У сваю мастацкую школу вярнулася пасля навучання ў Глебаўскім вучылішчы. Тут, у Альма-матар вучылася і працавала амаль уся яе сям’я.

Тут вывучаюць асновы выяўленчага мастацтва: малюнак, кампазіцыя, жывапіс, сярод любімых прадметаў скульптура і камп'ютарная графіка. Увогуле тут займаецца каля 370 навучэнцаў маленькіх творчых асоб 6-га ад 10-га да 15 гадоў.

Адзінаццацігадовая Паліна Крапівіна захапляецца маляваннем з трох гадоў. У мастацкую школу № 1 паступіла не адразу. Зараз - любімы прадмет - камп’ютарная графіка, якая з гэтага навучальнага года таксама ў раскладзе - сярод асноўных профільных прадметаў.

Арыгінальныя ідэі настаўнікаў натхняюць вучняў школы. Юныя таленты з'яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі гарадскіх, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў.

За 65 гадоў школа выпусціла больш за 3 000 навучэнцаў, многія з якіх паспяхова прадоўжылі сваю адукацыю ў сярэдніх і вышэйшых мастацкіх навучальных установах, атрымалі прызнанне як мастакі, дызайнеры, архітэктары.