Дзіцячы дом сямейнага тыпу адкрылі ў Маладзечанскім раёне

30 января 2015

Дзіцячы дом сямейнага тыпу, другі па ліку, сёння адкрылі ў Маладзечанскім раёне. Цяпер у Цэнтральным рэгіёне 42 такія ўстановы. Дом пад Маладзечна будаўнікі ўзвялі менш чым за год. У распараджэнні новай сям’і бацькоў-выхавацеляў і пецярых дзяцей – чатыры дзіцячыя спальні, прасторная кухня, гасціная і ўласная спартыўная пляцоўка.

На наваселлі пабывала і Наталля Кезік. Першая сумесная фотасесія і праверка на трываласць турнікоў, арэляў на ўласнай дзіцячай пляцоўцы. Паша, Віка, Вадзім, Улад, Ілья і іх бацькі-выхавацелі толькі пачынаюць сумеснае жыццё і наладжваюць быт у новым двухпавярховым катэджы. Сюды яны пераехалі зусім нядаўна. Але дзеці ўжо асвоіліся і з дзіцячай пяшчотай і любоўю называюць выхавацеляў мамай і татам.

З часам сям’я павялічыцца. У новым доме спальныя пакоі разлічаны на васьмярых дзяцей. На першым паверсе – прасторная гасціная і кухня. Дом узвялі хутка – работы пачалі ў жніўні мінулага года.

Рэспубліканскаму і раённаму бюджэту такі праект каштаваў тры з паловай мільярды рублёў.

Гэты дзіцячы дом сямейнага тыпу ў Маладзечанскім раёне другі, а ў вобласці 42. Час паказаў, што будаўніцтва такіх утульных і сучасных дамоў дазваляе рассяляць дзяцей у сем’і і закрываць прытулкі. Зараз у вобласці застаецца толькі школа–інтэрнат у Радашковічах.

Ёсць надзея, што і для выхаванцаў гэтага інтэрната знойдуцца прыёмныя сем’і. Сёлета ў вобласці адкрыюць яшчэ такія дамы сямейнага тыпу. Адзін з іх – у Смалявічах. Наваселле запланавана на пачатак лютага.