Вясковыя стандарты жыцця – палепшыць

25 апреля 2015

Развіваць не толькі аграгарадкі, але і перспектыўныя вёскі – па 3 - 4 у кожным раёне. Такую задачу перад вертыкаллю паставіў Кіраўнік дзяржавы. Тым больш што ў далёкай перспектыве жыллё і адпаведная інфраструктура ў сельскай мясцовасці дапаможа пазбегнуць праблем з кадрамі ў сельскай гаспадарцы. Між тым, у вобласці ёсць прыклады такіх вёсак і аграгарадкоў, дзе стандарты жыцця мала чым адрозніваюцца ад гарадскіх.

Рэпартаж Антаніны Станкевіч з мястэчка Замкі, што ў Крупскім раёне.

Ірына і Сяргей Дубіны прызнаюцца: яшчэ гадоў 10 таму і не ўяўлялі сябе вясковымі жыхарамі. Але лёс склаўся так, што пераехалі ў аграгарадок. І вярнуцца назад у Крупкі не збіраюцца. Ірына адкрыла ў сабе талент садавода, а яе муж ахвотна спраўляецца па гаспадарцы.

Адсутнасць пробак і чэргаў, а ў астатнім жыццё тут мала чым адрозніваецца ад гарадскога. З магазінамі праблем ніякіх няма. Тут іх тры, адзін прыватны. Кожны дзень працуе рэстаран, бар і сталовая: ёсць дзе адсвяткаваць дзень нараджэння, вяселле ці юбілей.

Два сучасныя басейны: маленькі і неглыбокі – для дзяцей і вялікі, 25-метровы з пяццю дарожкамі, ніколі не пустуюць. Гэтак жа, як і фітнэс-зала, трэнажорны комплекс і більярд. Заняткі для дзяцей - бясплатныя.

За апошнія 10 гадоў насельніцтва аграгарадка павялічылася ўдвая – да 800 чалавек. А між тым, патрэбу ў жыллі маюць толькі 40, але і ім ёсць дзе жыць. Утульныя пакоі ў інтэрнаце – для маладых спецыялістаў, катэджы – для сямейных.

Па такіх жа стандартах павінны развівацца не толькі аграгарадкі, але і перспектыўныя вёскі. У бліжэйшы час вобласць вызначыцца са спісам такіх мястэчак, каб заахвоціць людзей застацца жыць і працаваць на зямлі.