Грошы кліентам Дэльта Банка верне банк "Масква-Мінск"

24 марта 2015

Такое рашэнне прыняў Нацыянальны банк. А пакуль у агенцтве па гарантаванай кампенсацыі банкаўскіх укладаў ідзе запіс на падачу заяў па вяртанні. Інфармацыя для ўкладчыкаў размешчана на сайце агенцтва. Нагадаем, 18 сакавіка Нацбанк адклікаў ліцэнзію ў Дэльта Банка. Мера была прынята на падставе аналізу паказчыкаў бягучай дзейнасці беларускага ЗАТ "Дэльта Банк" на фоне негатыўных падзей, якія адбываюцца ў Дэльта Банку - Украіна, у тым ліку звязаных з прызнаннем яго неплацежаздольным. Кіраўніцтва агенцтва запэўнівае, што ўсім кліентам Дэльта Банка вернуць усе грошы ў рублях і замежнай валюце, размешчаных на рахунках або ва ўкладах банка. Аднак першасны ажыятаж тармозіць працэс. Таму ўкладчыкаў заклікаюць звярнуцца ў агенцтва крыху пазней. Зараз яно працуе без выхадных, штат пастаянна павялічваюць.

Знойдзены алгарытм вырашэння праблемы і ў рэгіёнах. Прыём заяў будзе праводзіцца праз аддзяленні Дэльта Банка. Дарэчы, Беларусь адна з нешматлікіх краін, дзе гарантуецца стапрацэнтнае вяртанне укладаў. Прычым вяртанне адбываецца ў валюце ўклада і з улікам працэнтаў да моманту адклікання ліцэнзіі.