Дзень беларускага пісьменства адзначае наша краіна - Прэзідэнт павіншаваў беларусаў

3 сентября 2023

Наша краіна сёння адзначае Дзень беларускага пісьменства. XXX юбілейны форум сёлета прымае Гарадок. Удзельнікаў і гасцей урачыстасці павіншаваў Аляксандр Лукашэнка.

"Сардэчна віншую вас з Днём беларускага пісьменства - святам нацыянальнай культуры, друкаванага слова і беларускай духоўнасці, якое сёлета адзначае 30-годдзе. Сімвалічна, што юбілей прыйшоўся на Год міру і стваральнай працы і святкуецца на гасціннай Віцебшчыне, дзе нараджалася беларуская дзяржаўнасць і знаходзіцца старажытнейшы цэнтр кнігадрукавання. Родная мова, веды і традыцыі продкаў заўсёды яднаюць людзей, натхняюць іх на плённую працу, дазваляюць пераадольваць цяжкасці і перашкоды, з'яўляюцца невычэрпнай крыніцай сілы і мудрасці народа, апорай у выхаванні патрыятызму і любві да Бацькаўшчыны".

Напярэдадні вечарам у Гарадку на цырымоніі адкрыцця XXX, юбілейнага Дня беларускага пісьменства аб'явілі імёны лаўрэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі. З амаль сямі дзясяткаў праектаў журы адзначыла шэсць. Сярод пераможцаў аўтары Сафія Шах, Алеся Прыходзька, Уладзімір Макараў і іншыя майстры слова.

У святочны дзень у Гарадку, на радзіме аўтара сатырычнай паэмы "Тарас на Парнасе" Канстанціна Вераніцына, урачыста адкрыўся Вераніцынскі сквер. Назву лакацыі далі самі землякі таленавітага паэта. У памяць аб гарадоцкіх урачыстасцях адбылося гашэнне арыгінальнай паштовай маркі. Кульмінацыяй стаў вячэрні канцэрт - адкрыццё Дня пісьменства.

Сёння святочная праграма працягнецца. Тэматычныя экспазіцыі і інтэрактыўныя пляцоўкі СМІ і выдавецтваў будуць працаваць па вуліцы Савецкай. Пройдуць круглыя сталы на актуальныя тэмы сучаснай літаратуры, кулінарны фестываль "Мара гурмана", асаблівую атмасферу дапамогуць стварыць рамеснікі. Рэпартажамі са сталіцы юбілейнага Дня беларускага пісьменства будзем напаўняць і нашы наступныя выпускі.