"Справа маладых". Вікторыя Восіпава - першая жанчына ў Беларусі майстар спорту па пажарна-выратавальным спорце

2 февраля 2019

Першая жанчына ў Беларусі - майстар спорту па пажарна-выратавальным спорце жыве ў Віцебску. Званне Вікторыя Восіпава атрымала ў канцы мінулага года, а гэтаму папярэднічалі гады трэніровак, паспяховыя выступленні на рэспубліканскіх і сусветных першынствах. У заліку 21-гадовай спартсменкі з Віцебска некалькі рэкордаў Беларусі ў падняцці па штурмавой лесвіцы, апошні з якіх пастаўлены на чэмпіянаце свету - 2018, адкуль Вікторыя вярнулася з асабістым срэбрам і бронзай у агульнакамандным заліку. Барацьба за кожную сотую - у пастаяннай рубрыцы "Панарамы" "Справа маладых".

Славакія. Верасень 2018 года. Чэмпіянат свету па пажарна-выратавальным спорце. Падняцце па штурмавой лесвіцы на паверх навучальнай вежы або, як сцісла і ёміста гавораць самі спартсмены, штурмоўка. Вікторыя Восіпава бярэ вышыню і паказвае рэкордныя 7,13 секунды. У Беларусі гэта лепшы вынік сярод жанчын і асабісты рэкорд Вікторыі ў любімай дысцыпліне.

У пажарна-выратавальны спорт Вікторыя прыйшла яшчэ ў школе. Вучылася ў класе МНС - вельмі падабалася форма. У трэніровачную залу зазірнула па запрашэнні аднакласніка. І засталася. Не спалохалі ні сапсаваны манікюр, ні шматгадзінныя трэніроўкі, ні траўмы.

Штогод пажарна-выратавальны спорт прыцягвае сотні маладых людзей. Пяць гадоў таму ў гэты від прыйшлі дзяўчаты. І Вікторыя Восіпава стала першым сярод жанчын майстрам спорту Рэспублікі Беларусь.

Сёння Вікторыя ў ліку наймацнейшых спартсменак і адзіная прадстаўніца паўночнага рэгіёна ў зборнай краіны. Але на пачатку шляху былі сумненні - не, не ў Вікторыі, а ў мужчын, якія не адразу прызналі, што ў пажарна-выратавальнага спорту можа быць і жаночы твар.

Зараз у графіку Вікторыі зусім няма "фортачак". Увесь вольны час - у зале. Наперадзе чэмпіянат краіны. Але праца ёсць праца. Кожныя трэція суткі сяржант унутранай службы Восіпава заступае на пост. Прыняць выклік, карэкціраваць рух пажарных разлікаў, трымаць сувязь з цэнтрам. Ад правільных дзеянняў Вікторыі залежыць шматлікае.

Прызнаецца: да надзвычайных сітуацый прывыкнуць нельга. Таму часцей хваляванне адчувае як раз на службе, а не на старце. Але загартоўка і ўменне сабрацца, атрыманыя ў зале, дапамагаюць знайсці выйсце ў любой нестандартнай сітуацыі.