"Справа маладых". Малады кіраўнік Міхаіл Вячорка

11 марта 2019

Палепшыць якасць жыцця на сяле. Пра гэта марыць герой нашага наступнага сюжэту - малады кіраўнік, які жыве і працуе ў вёсцы. І не проста марыць, а робіць для гэтага ўсё магчымае. Яго рабочы дзень пачынаецца з узыходам сонца, і, калі трэба, Міхаіл Вячорка сам сядзе за руль трактара. Будуе дзіцячыя пляцоўкі, стабільна плаціць зарплату і з клопатам ставіцца да кожнага лапіка зямлі. Больш падрабязна ў нашай рубрыцы "Справа маладых". 

Расказвае Вікторыя Патоня.

Міхаіл Вячорка ўзначаліў сельгаспрадпрыемства ў 33 гады. Малады кіраўнік прызнаецца: такога не чакаў, але працы не спалохаўся. Вырас у сапраўднай палескай вёсцы. Эканаміст па адукацыі. Гаворыць: сёння ў сельскай гаспадарцы грошы - гэта малако. На прадпрыемстве чатыры малочна-таварныя фермы з дойным статкам  1 600 галоў. Умовам утрымання цялят і рацыёну кароў  тут асаблівая ўвага. Калі каровы дагледжаныя і накормленыя, аддача ад іх большая. У "Жабінкаўскім"  за  суткі адна  карова дае каля 19 літраў малака. Амаль 70 %  экстра-класа. 

Сёння ў падпарадкаванні ў Міхаіла Вячоркі больш  за 250 працаўнікоў. І, бадай, гэта самае моладзевае прадпрыемства ў раёне. Сярод спецыялістаў маладыя ветэрынары, аграномы, эканамісты. Каманду энтузіястаў аб'ядноўвае любоў да зямлі і імкненне не словам, а справай зрабіць жыццё ў вёсцы лепей.

Некалькі гадоў гэты будынак быў зачынены. Летась лазню на баланс прадпрыемству перадала мясцовае ЖКГ. Малады кіраўнік прапанаваў свой варыянт: сёння лазня працуе, а яе паслугамі карыстаюцца не толькі працаўнікі, але і мясцовыя жыхары. 

Але актыўны лазневы сезон стартуе пазней, калі пачнуцца масавыя работы на зямлі і зернятоках. А гэты час  усё бліжэй. Першая тэхніка выходзіць у палі на ворыва, уносіць угнаенні ў глебу. Праз лічаныя дні ў "Жабінкаўскім" пачнуць і сяўбу шматгадовых  траў. На машынным двары трактары і агрэгаты ў гатоўнасці № 1. Да якасці і дысцыпліны тут асаблівы падыход. 

Сёлета моцнай гаспадарцы прыйдзецца здаць не адзін іспыт. Спачатку правесці пасяўную, затым сабраць ураджай і прыняць раённыя "Дажынкі". У аграгарадку Вялікія Якаўчыцы будуць перамены. Добраўпарадкуюць інфраструктуру, правядуць доўгачаканы газ. З'явіцца на карце і дзіцячая пляцоўка. Міхаіл Вячорка як шматдзетны бацька сам прапанаваў ідэю стварыць у вёсцы куток, дзе маглі б адпачываць бацькі з дзецьмі. 

Дарэчы, у Жабінкаўскім раёне ў кадравым рэзерве 18 % займае менавіта моладзь. Роўна палову гаспадарак узначальваюць тыя, каму крыху  больш  за 30. 

У Міхаіла Вячоркі ёсць мара: каб моладзь не ўцякала ў горад. Бо пры гаспадарскім падыходзе і на сяле можна жыць, як у горадзе.