Што чакаць у эфіры тэлеканала "Беларусь 3" да Дня роднай мовы?

20 февраля 2023

"Кожны дзень - дзень роднай мовы" - гэта не гучная цытата, а жыццёвы сцэнарый самай культурнай кнопкі краіны. Тэлеканал "Беларусь 3" вось ужо дзесяць сезонаў робіць рэйтынгі дзякуючы вяшчанню на беларускай мове і стварэнню нацыянальнага кантэнту.

Да міжнароднага свята чакаем у эфіры "Навіны культуры", "Беларускую кухню", "Калыханку" і "Дабраранак". Асаблівая ўвага будзе прыхільнікам беларускага тэатра: у дзённым эфіры на "Беларусь 3" пакажуць спектакль "Леаніды не вернуцца на зямлю" паводле Караткевіча ў пастаноўцы Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа. Прагучаць і вершы беларускіх паэтаў, а для аматараў поўнага метра арганізуюць кінапаказы на беларускай мове. Упрыгожаць святочны эфір і тэматычныя ролікі.

Наталля Марынава, дырэктар тэлеканала "Беларусь 3":

Мова гучыць як у кадры на тэлеканале "Беларусь 3", так і за кадрам. Канешне, мы за тое, каб на тэлеканале "Беларусь 3" гучала літаратурная беларуская мова, але мы ведаем, што кожны куточак нашай Беларусі мае свае асаблівасці. І калі нашы карэспандэнты прыязджаюць у той ці іншы рэгіён, безумоўна, могуць быць нейкія асаблівасці ў беларускай мове, і мы толькі рады, што вось гэтая разнастайнасць беларускай мовы гучыць ад тых носьбітаў, якія зараз гэтую мову захоўваюць. І, безумоўна, мы звяртаемся да спецыялістаў, да навукоўцаў, якія сочаць і за нашай беларускай мовай.

"Беларусь 3" ужо дзесяць сезонаў у эфіры. Слоган канала ўзору-2023 так і гучыць: "10 гадоў - 10 прэм'ер". Юбілейную эфірную сетку ўжо папоўніў праект "Культурны тыдзень", у якім папулярна на мове распавядаюць пра культурныя падзеі краіны. Ужо ацанілі гледачы і тэлевіктарыну "Веды ў кубе", а 4 сакавіка чакаем прэм'ерны паказ праекта "Новыя людзi". Галоўныя героі - наша таленавітая моладзь.