Усе што трэба ведаць пра II Еўрапейскія гульні. Павел Капуцкі сабраў важныя факты

19 июня 2019

У Беларусь працягваюць прыбываць замежныя госці. Рытм жыцця сталіцы памяняўся, і многія гэта ўжо адчулі. Таму адно з першых пытанняў: "Што павінны ведаць гаспадары і госці Мінска ў сувязі з правядзеннем II Еўрапейскіх гульняў"? 

Наш спартыўны аглядальнік Павел Капуцкі сабраў усе важныя факты.

Гэта гістарычная цырымонія адкрыцця ў Баку! Панамерыканскія, Афрыканскія, Азіяцкія. У Еўропы свае Гульні з'явіліся толькі ў 2015 годзе. 50 краін, 30 відаў спорту і амаль 6 тысяч спартсменаў. Здымачная група Агенцтва тэленавін працавала ў Азербайджане і бачыла, як нашы спартсмены заваявалі 43 медалі. З іх 10 - залатыя! Сёмае месца ў агульным заліку. 

На розных этапах на правядзенне II  Гульняў прэтэндавалі Нідэрланды, Польшча, Турцыя, Расія, Вялікабрытанія. Але 21 кастрычніка 2016 года на Генеральнай асамблеі ЕАК у Мінску выбралі беларускую сталіцу. 

У адрозненне ад Азербайджана Беларусь не ўзводзіла пад Гульні дарагія новыя аб'екты. Каб зменшыць выдаткі, краіна-гаспадыня сама вызначала віды спорту, і ў выніку іх колькасць скарацілі з азербайджанскіх 30 да 15. 

У Мінску чакаюць не менш  чым 30 тысяч турыстаў. З 10 чэрвеня па 10 ліпеня дзейнічае бязвізавы ўезд на любым відзе транспарту. Абавязкова мець пашпарт і білет на спаборніцтвы, цырымонію адкрыцця або закрыцця.

Больш  як 4 тысячы спартсменаў з паўсотні краін. 200 камплектаў медалёў. Турніры па бадмінтоне, боксе і дзюдо пройдуць у рангу чэмпіянатаў Еўропы. 

У дзесяці відах спорту спаборніцтвы стануць кваліфікацыйнымі да Алімпіяды 2020 года ў Токіа. І, магчыма, самымі матываванымі будуць гульцы ў настольны тэніс. Пуцёўкі ў Японію атрымаюць усе прызёры адзіночных разрадаў, лепшая змяшаная пара і пераможца каманднага турніру. За Беларусь згуляе легендарны Уладзімір Самсонаў.

Прыхільнікі бадмінтона ўбачаць чэмпіёна свету і бронзавага алімпійскага прызёра Віктара Аксельсона з Даніі. Шмат алімпійскіх чэмпіёнаў будзе ў барацьбе. Аматары лёгкай атлетыкі на "Дынама" чакаюць нашых зорак - Эльвіру Герман, Марыну Арзамасаву, Анастасію Мірончык-Іванову, Максіма Недасекава і іншых. 

За медалі беларускія спартсмены атрымаюць салідную ўзнагароду. Золата ацэньваецца больш чым у 10 тысяч рублёў. Серабро - 6 375. Бронза - крыху больш за 4 тысячы. Ёсць і бонусы. Напрыклад, сусветны рэкорд у алімпійскай дысцыпліне прынясе атлету столькі ж, колькі сярэбраны медаль. 

Білеты на спаборніцтвы каштуюць ад 7 да 58 рублёў. Задача балельшчыкаў - запоўніць трыбуны. Спартсменаў - узяць больш медалёў, чым у Баку.