Кінуты сабака пяць гадоў чакае свайго гаспадара

17 января 2017

Гэтая гісторыя кранае да глыбіні душы. У Докшыцкім раёне кінуты сабака пяць гадоў чакае свайго гаспадара. Сабака не адыходзіць ад дарогі, дзе яго пакінулі, і ўважліва ўзіраецца ў кожную з машын, якія праязджаюць паблізу. Гісторыю рудога сабакі ведаюць усе мясцовыя жыхары. Яны яго падкормліваюць, але блізка да сабе людзей ён не падпускае. Пра вернасць і абсалютную адданасць жывёліны і жорсткасць чалавека - рэпартаж Вольгі Маслоўскай.  

Руды сабака на заснежанай абочыне. Пяць гадоў на трасе ён сустракае аўтамабілі. Гісторыю гэтага дварняка ведае кожны ў акрузе. На волю лёсу чатырохногага сябра пакінуў чалавек.

Мясцовыя жыхары распавядаюць, што сабаку выкінулі з машыны. З мінулага жыцця ў сабакі толькі нашыйнік і ўспаміны пра свайго гаспадара. З тых часоў руды не адыходзіць ад дарогі ў надзеі на тое, што па яго вернуцца.

Чуллівыя людзі былі гатовыя забраць яго, але адданы сабака нікога да сабе не падпускае. Нават ежу з рук не бярэ. Не давярае. Заўважыўшы рудога на вахце, мясцовыя вадзіцелі пакідаюць корм на абочыне.

Адданасць сабакі здзіўляе людзей, і яго часта параўноўваюць з Хатыка. І хай помніка беларускаму дварняку пакуль няма, затое гісторыю аб бяспрыкладнай адданасці і чалавечай здрадзе распавядаюць на ўроках у мясцовай школе.

Што такое сабачая адданасць, паляўнічы з 35-гадовым стажам Іосіф Войніч ведае добра. Усё жыццё побач жывуць чатырохногія. Верны памочнік і сябар лайка Булік ні на крок не адыходзіць ад гаспадара, які ведае цану такому даверу.

Дзіўна, але за пяць гадоў у сабакі з дарогі так і не з'явілася мянушка. У вёсцы гавораць, што гэта не выпадкова. Тут не губляюць надзею, што аднойчы рудога дварняка пакліча той, каго ён чакае столькі гадоў.