Жанчына-муза Янкі Купалы

24 сентября 2013
Сёння ў музеі імя паэта ўспамінаюць Паўліну Мядзелку. 120-годдзю з дня нараджэння культурнага дзеяча, актрысы і ракавой асобы прысвечаная выстава, у якой сабраныя больш за 70 экспанатаў: яе асабістыя рэчы, фатаграфіі і кнігі з аўтографамі Песняра. Магчыма, некаторыя з іх пральюць святло на загадкавыя старонкі жыцця, творчасці і нават гібелі Купалы.

Наталля Бардзілоўская дакранулася да таямніцы Купалавай Паўліны.

Ураджэнка святых каталіцкіх мясцінаў - Будслава, Паўліна Мядзелка паходзіла з простай вясковай сям'і. З дзяцінства марыла пра дзве прафесіі: актрысы і настаўніцы. Пасля Віленскай жаночай гімназіі і вышэйшых пецярбургскіх курсаў выкладала ў школе і арганізоўвала дзіцячыя паслярэвалюцыйныя прытулкі. Прымала ўдзел ў стварэнні беларускага музычна-драматычнага гуртка. Дваццацігадовай выходзіць на сцэну ў класічнай купалаўскай Паўлінцы.

Купала і Паўліна пазнаёміліся раней за яе акцёрскі дэбют. Пясняр сімпатызаваў дзяўчыне, але ўражання ў яе не выклікаў. Мядзелка пойдзе замуж за Тамаша Грыба.

Алена Ляшковіч, дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы: Купала яе вельмі шчыра кахаў, але здарылася так, што Паліна не адказала яму ўзаемнасцю. Магчыма, потым яна пашкадавала аб гэтым не аднойчы, але ж час прайшоў, Янка Купала ажаніўся з Уладзіславай Станкевіч.

Паводле адной з версій, купалава жаніцьба стала для Мядзелкі абуральнай нечаканасцю. Ад перажыванняў яна пачала курыць і не кідала звычку да канца жыцця. Сярод уласных рэчаў Паўліны Вікенцьеўны музей захаваў яе партсігары.
І ўсё ж, паводле версіі біёграфаў, яны будуць разам, але на адлегласці. І для Купалы Паўліна будзе музай, дзякуючы якой з'явяцца шэдэўры.

Зінаіда Кучар, дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры: Мы прыйшлі да высновы, што нейкія рамантычныя адносіны паміж імі былі, і гэта натуральна, бо дзяўчына прыгожая, маладая, таленавітая і малады паэт. Канешне ж, пры тым агульная творчасць іх збліжае. Не бывае міфаў і легендаў на пустым месцы.

Амаль на кожнай яго кніжцы - аўтографы Мядзелцы. Па сённяшні дзень застаецца таямніцай, хто ў яго доме закрэсліў словы прысвячэння музе на рукапісе Бандароўны. Самі музейшчыкі думаюць на… жонку паэта! Уладзіслава Францаўна падазравала, але выгляду не падавала.

Як гавораць сведкі, дзве галоўныя ў купалавым жыцці жанчыны сябравалі і нават сустракаліся ў доме пад таполяй. Але ў музеі пры жыцці жонкі паэта і доўгі час пасля яе смерці было не прынята ўзгадваць Мядзелку. І ў пастаяннай экспазіцыі з тых часоў і па сённяшнія ёсць адна-адзіная фатаграфія Паўліны.

Імя Мядзелкі звязваюць і з трагічнымі момантамі жыцця паэта. Але ўсе нераскрытыя таямніцы Паўліна Вікенцьеўна забрала з сабой. Яе не стала ў 70-х.