Брэсцкая вобласць сёння адзначыла галоўнае свята хлебаробаў - "Дажынкі-2018"

8 сентября 2018

Фэставай пляцоўкай стаў самы заходні горад краіны - Высокае. Спецыяльна да свята вуліцы і будынкі населенага пункта змяніліся, з'явіліся сучасныя спартыўныя пляцоўкі для гульні ў міні-футбол, валейбол і баскетбол. Увесь дзень у горадзе весяліліся, спявалі, танцавалі і, вядома, віншавалі хлебаробаў. Галоўныя героі фэсту - механізатары, вадзіцелі, аграномы і працаўнікі зернесушыльных комплексаў - урачыстым шэсцем прайшлі па цэнтральнай вуліцы Высокага.

Лепшыя вынікі былі адзначаныя ўзнагародамі. Нягледзячы на капрызы надвор'я, у Брэсцкай вобласці каравай новага ўраджаю склаў 930 тысяч тон. Рэгіён паказаў самую высокую ўраджайнасць зерневых і зернебабовых.

Анатоль Ліс, старшыня Брэсцкага аблвыканкама: "У наступным годзе будзем праводзіць іх у Ружанах - гэта таксама былы раённы цэнтр. І будзем працягваць правядзенне "Дажынкаў" менавіта ў малых гарадах з мэтай, каб прывесці іх у парадак, добраўпарадкаваць, падцягнуць. Каб гэтыя гарады выглядалі не горш за райцэнтры".

На "Дажынках" выбіралі і "Уладара сяла". Удзельнікі - 12 маладых шматдзетных сем'яў з усёй вобласці. На конкурсе сем'і дэманстравалі кулінарныя і творчыя здольнасці. А таксама спаборнічалі ў спрыце: пілавалі бярвенне і калолі дровы на хуткасць.