Брэст адзначыць міленіум маштабным карнавалам

5 сентября 2019
Яркія вобразы і танцавальныя матывы, якія зараджаюць  энергетыкай свята. Менавіта так апісвае маючае адбыцца  шоу калектыў тэатра "Фантазія". Дзяўчаты ўжо месяц на паркеце. Рэпеціруюць без выхадных. Самае складанае - дабіцца  сінхроннасці дзеянняў, бо ў карнавале прымуць удзел каля трох тысяч чалавек. 

Берасцейскі карнавал ужо стаў візітнай карткай горада, але ўпершыню сёлета выйдзе на міжнародны ўзровень. Прыедуць госці з Расіі, Польшчы, Казахстана і Малдовы. Само прадстаўленне  будзе складацца з 25 блокаў. У кожнага свая тэматыка і канцэпцыя. 

Па традыцыі ў карнавальным шэсці будуць прымаць удзел і прадпрыемствы горада над Бугам. Для іх гэта нагода  ярка заявіць аб сабе. 

Сфатаграфавацца з вялізнымі скульптурамі, ацаніць рарытэтныя аўто, прымерыць дзіўныя карнавальныя ўборы змогуць яшчэ і госці свята. А іх, паводле  папярэдніх падлікаў, чакаюць больш як 50 тысяч чалавек. Урачыстае шэсце пройдзе ў самым цэнтры горада. Рух для транспарту на гэты час перакрыюць. 

Калона расцягнецца на тры кіламетры. Стартуюць удзельнікі ля  Кобрынскага моста, пройдуць па вуліцы Машэрава. А вось кульмінацыя свята адбудзецца тут, на плошчы Леніна. Само шоу прадоўжыцца дзве гадзіны. У тэатралізаванай форме будзе адлюстраваная тысячагадовая гісторыя Брэста. 

Усіх сакрэтаў карнавальнага шоу арганізатары, вядома, не раскрываюць. Але ўпэўніваюць, такім пярэстым і прыбраным Брэст яшчэ ніхто ніколі не бачыў.