Шлюбны дагавор: модна ці выгадна?

12 октября 2013

У Беларусі з кожным годам павялічваецца колькасць маладых, якія пачынаюць сумеснае жыццё з падпісання кантракта. Праўда, такая практыка прыжываецца пакуль марудна. Па словах псіхолагаў, прычына - у ментальнасці славян.


Чаму ж беларусы з негатывам ставяцца да шлюбных дагавораў, высвятляла Анастасія Вазнясенская. З юрыдычнага пункту погляду заключэнне шлюбнага дагавора складаецца з адных станоўчых момантаў. Аднак, нягледзячы на тое што гэты прававы інстытут існуе ў нас ужо больш за 14 гадоў, беларусы звяртаюцца да яго толькі ў выключных выпадках.


Усяго толькі 2% ад агульнай колькасці дагавораў заключаецца асобамі, якія бяруць шлюб. Асноўная частка прыпадае на пары, якія ўжо знаходзяцца на мяжы разводу: мужу і жонцы прасцей загадзя дамовіцца наконт падзелу маёмасці, чым высвятляць у судзе, каму дастанецца кватэра, а каму аўтамабіль.


Алена Лубешка, старшы дзяржаўны натарыус: Муж і жонка самастойна вырашаюць, вызначаюць аб'ём тых правоў і абавязкаў у адносінах адно да аднаго, якія яны б хацелі ўрэгуляваць шлюбным дагаворам. Галоўнае, каб гэтыя правы і абавязкі не супярэчылі інтарэсам трэціх асоб, не ўшчамлялі нічые правы і адпавядалі дзеючаму заканадаўству Рэспублікі Беларусь.


Шлюбны дагавор закранае не толькі маёмасны аспект. Часта пары агаворваюць, з кім будзе пражываць дзіця або любімы сабака ў выпадку скасавання шлюбу і самастойна вызначаюць памер аліментаў. Важна, што пары, якія жывуць грамадзянскім шлюбам, права заключаць дагавор не маюць.


Як сцвярджаюць псіхолагі, падпісанне шлюбнага дагавора ніколькі не павышае верагоднасць разводу, а толькі сведчыць аб псіхалагічнай сталасці партнёраў. І гэта пацвярджаецца павелічэннем дагавораў: за апошнія 10 гадоў іх колькасць вырасла ў 10 разоў.