Вялікі моладзевы злёт адкрыўся недалёка ад Мінска

2 декабря 2015

Творчы роспіс дзіцячых пляцовак або навучанне пажылых людзей камп'ютарнай грамаце - ужо ў наступным годзе ў маладых людзей у Беларусі з'явіцца магчымасць працаваць у навукова-тэхнічных і мастацкіх студатрадах. Пра гэта сёння заявілі на адкрыцці вялікага моладзевага злёту. Недалёка ад Мінска ў адным з адукацыйна-аздараўленчых цэнтраў сабраліся юнакі і дзяўчыны з усёй краіны. Усе яны актывісты БРСМ, сёлета некалькі месяцаў працавалі разам на будоўлях, у сельскіх гаспадарках Беларусі, а таксама праводзілі экалагічныя акцыі, у тым ліку і ў Расіі. Адукацыйныя семінары, школы лідара, спартыўныя і творчыя конкурсы - зараз студатрадаўцы рыхтуюцца да наступнага працоўнага лета.

Сяргей Клішэвіч, другі сакратар ЦК БРСМ: "Сёлета мы падраслі і колькасна, і якасна. Сёлета каля 70 тысяч папрацавалі ў складзе студатрадаў, плюс у нас сёлета з'явіліся ўжо на заканадаўчым узроўні новыя профілі студатрадаўскага руху - гэта медыцынскія і навукова-вытворчыя".

Злёт прадоўжыцца 2 дні. Ужо заўтра яго ўдзельнікі ўскладуць кветкі да манумента Перамогі ў Мінску і ўшануюць памяць загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай хвілінай маўчання. Акцыя "Мы памятаем і ганарымся" стала ўжо традыцыйнай. А пасля на ўрачыстым закрыцці злёту выберуць лепшых камандзіраў, камісараў атрадаў, а таксама самыя крэатыўныя каманды.