Вялікія задачы для будаўнічай сферы: з дакладам аб рабоце галіны ў Прэзідэнта міністр Р. Пархамовіч і А. Сівак

4 января 2022

Вялікія задачы для будаўнічай сферы на старце года: з дакладам аб рабоце галіны ў Прэзідэнта сёння былі міністр Руслан Пархамовіч і профільны віцэ-прэм'ер Анатоль Сівак.

Гэты ўрадавы тандэм працуе ў напружанні, а задачы, якія прагучалі ад кіраўніка дзяржавы, сапраўды не дазволяць расслабіцца. На сустрэчы - глабальны погляд на важную галіну. "Няма будаўніцтва - няма развіцця краіны!" - ёміста скажа Прэзідэнт. Час не самы просты: дае аб сабе ведаць спад інвестыцыйнай актыўнасці, і гэта адлюстроўваецца на агульнай карціне. Па выніках няпоўнага 2021 года ўклад будаўніцтва ў ВУП быў меней за 5 %. Кіраўнік дзяржавы завастрае ўвагу ў першую чаргу на праблемных момантах: ад экспарту да даўгабудаў. У прыярытэце - жыллёвае будаўніцтва.

Прэзідэнт: Няма будаўніцтва - няма развіцця краіны

"Мы спрабуем падтрымаць усіх. Што такое падтрымаць? Калі б гэта проста плячо падставіць - гэта адно. Але гэта ж фінансаванне, падтрымка рублём. А ў любой краіне заўсёды дэфіцыт грашовых сродкаў. Сапраўды так і ў нас, у гэтай сітуацыі тым больш. Таму як будзем дзейнічаць у будучыні? Зразумела, што ёсць абсалютны прыярытэт - гэта шматдзетныя сем'і, людзі ў пагонах, таму што яны не могуць зарабіць больш, чым мы ім плацім. І яны не маюць права зарабляць на баку. Таму іх трэба ў нейкай ступені падтрымліваць", - адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, якія ёсць прапановы па пытаннях падтрымкі насельніцтва ў жыллёвым будаўніцтве. "Першым чынам, якія катэгорыі трэба падтрымліваць? А дзесьці, можа быць, прапанаваць людзям папрацаваць на сваю кватэру".

Аляксандр Лукашэнка таксама пацікавіўся, як ідзе работа па паніжэнні колькасці даўгабудаў: "Колькі ў нас даўгабудаў і калі мы наогул пазбавімся ад гэтых даўгабудаў?"

Асобна ён спыніўся на мерах па скарачэнні тэрмінаў і паніжэнні кошту будаўніцтва. Паводле слоў Прэзідэнта, гэта тэма на асаблівым кантролі, хвалюе яна і саміх грамадзян.

"Людзі адзначаюць у любых апытаннях, што будаўніцтва часам непад'ёмнае для насельніцтва. Што мы можам зрабіць для скарачэння не толькі тэрмінаў, але і кошту самога будаўніцтва?"

Р. Пархамовіч: Усе паказчыкі па жыллёвым будаўніцтве будуць выкананыя 

Паводле слоў міністра, усе паказчыкі па жыллёвым будаўніцтве будуць выкананыя. Чакаецца, што агульны ўвод жылля за 2021 год складзе 4 мільёны 300 тысяч квадратных метраў. Гэта нават больш, чым планавалі. 

Будаўніцтва арэнднага жылля плануецца павялічыць у разы

У разы плануецца павялічыць аб'ёмы будаўніцтва арэнднага жылля ў краіне. За мінулы год збудавана 120 тысяч такіх квадратных метраў - і гэта мізер. А арэнднае жыллё пры гэтым запатрабавана і ў цэнтры, і ў рэгіёнах. 

Р. Пархамовіч: будаўнічую галіну на працягу паўгода чакаюць рэвалюцыйныя змены

У цэлым будаўнічую галіну ў найбліжэйшыя паўгода чакаюць па-сапраўднаму кардынальныя змены. Галоўнае даручэнне Прэзідэнта - разгледзець пытанні спрашчэння ва ўсіх сферах будаўніцтва.

Даклад па развіцці будаўнічай галіны

Закранулі сёння і пытанне ўдзелу нашых будаўнікоў у замежных праектах. У Расіі ёсць вялікі попыт на такія высокакваліфікаваныя паслугі, і гэтай магчымасцю неабходна карыстацца актыўней. Калі трэба - прэзідэнты пасадзейнічаюць.