Больш як у ста сталічных дамах праблема з вадой ужо ліквідавана

25 июня 2020
У Мінску створана рабочая група, якая аб'ектыўна і ўсебакова расследуе прычыны ўзнікнення праблем з пітной вадой. Гэта журналістам паведаміў намеснік мэра сталіцы Аляксандр Дараховіч. Аварый, якія  маглі б відавочна выклікаць надзвычайнае здарэнне, не было. Між тым, пакуль у Маскоўскім і Фрунзенскім раёнах вада застаецца не прыдатнай для піцця. Спецыялісты раяць выкарыстоўваць яе толькі з гаспадарчымі мэтамі. Па дапамогу ў хуткую ўжо звярнуліся 15 чалавек  пасля спажывання няякаснай вады. Жыхары больш як дзвюх тысяч дамоў адчулі непрыемны пах пітной вады. Спецыялісты Мінскводаканала другі дзень запар вырашаюць сітуацыю. 

На гэты час больш як у 100 дамах праблема ліквідавана. Вада ў цыстэрнах аператыўна падвозіцца па розных адрасах Мінска, пад кантролем  дастаўка пітной вады ў  дзіцячыя сады, бальніцы, іншыя установы, якія маюць вострую неабходнасць у прыдатнай для ўжывання вадкасці.

Сваю дапамогу аператыўна прапанавалі і некаторыя прадпрыемствы, якія займаюцца вытворчасцю пітной вады. У некалькіх пунктах горада, побач з буйнымі гандлёвымі цэнтрамі раздаюць яе бясплатна.

Аператыўную інфармацыю з адрасамі, дзе можна набраць якасную пітную ваду, мінчане могуць атрымаць на сайце Мінскводаканала ці ў службе па кароткім нумары 115. МНС горада  склала сваю карту. 

Мэрыя таксама распрацавала інтэрактыўную карту падвозу вады. Адрасы размяшчэння машын з пітной вадой у рэжыме анлайн на афіцыйным сайце Мінгарвыканкама.