Больш за 600 тысяч кветак высадзяць у сталіцы да чэмпіянату свету па хакеі

28 апреля 2014
Азеляняльнікі ўжо афармляюць цэнтр горада. Галоўныя транспартныя артэрыі ўпрыгожаць шмат'ярусныя кветкавыя кашпо і вазы. Амаль 50 тысяч віёл, бягоній і пятуній ужо размясціліся ў скверах і на плошчах Мінска. Зараз жывыя карціны ствараюць у зонах гасціннасці і фан-зонах.

Марына Мураўёва з падрабязнасцямі.

Цюльпаны, бягоніі і пятуніі. Напярэдадні хакейнага першынства Мінск не толькі ў цэнтры, але і ва ўсіх раёнах можа адкрываць кветкавы баль. Для ўвасаблення ўсіх дызайнерскіх ідэй прыйшлося дадаткова высадзіць яшчэ 200 тысяч кветак.
Усяго 600 тысяч кветак упрыгожаць сталіцу. Кожнаму раёну - свая кветкавая ідэя. Асобная ўвага - зоне гасціннасці.

Студэнцкая вёска - адна з самых буйных зон гасціннасці ў сталіцы. Тут змогуць размясціцца больш чым 5 тысяч балельшчыкаў. Упрыгожаць жа тэрыторыю кветкавымі вазамі, а ля цэнтральных уваходаў аформяць шмат'ярусныя кветнікі.

Эмблемы чэмпіянату свету па хакеі з'явяцца каля Палаца спорту і на Магілёўскай шашы пры ўездзе ў горад. А пано з хакеістам ужо афармляюць бягоніямі каля Лядовага палаца.

Штодня больш чым 10 тысяч кветак пераязджаюць з цяпліц у гарадскія паркі і скверы. Пакуль што можна ўбачыць абрысы будучых узораў на кветніках. Самыя смелыя чаканні ландшафтных дызайнераў будуць апраўданыя праз тыдзень - менавіта тады павінны распусціцца ўсе бутоны.