Дабрачынная акцыя "Нашы дзеці" па традыцыі не пакінула без увагі ніводнага

26 декабря 2015

Бал кадэтаў у Магілёве, навагодні трамвай па вуліцах Віцебска, а таксама падарункі, усмешкі і добры настрой. Дабрачынная акцыя "Нашы дзеці" па традыцыі не пакінула без увагі ніводнага. Менавіта самыя маленькія жыхары краіны больш за ўсіх чакаюць навагодняй казкі. Таму ў гэтыя святочныя дні ўдзельнікі акцыі часцей прыходзяць у госці да сваіх падапечных.

Падрабязна – у нашым дайджэсце. Выхаванцы Магілёўскага абласнога кадэцкага вучылішча сталі ўдзельнікамі каляднага балю з паланэзам і вальсам. Некалькі месяцаў курсанты рыхтаваліся да гэтай урачыстай падзеі. Таму падчас свята выхаванцы прадэманстравалі не толькі ваенную выпраўку, але і ўменне танцаваць. Не з пустымі рукамі да іх прыехалі прадстаўнікі Міністэрства спорту і турызму, аблвыканкама, мытні і банкаў. Курсантам падарылі камп'ютарную тэхніку, грашовыя сертыфікаты на 200 мільёнаў рублёў і салодкія сюрпрызы.

А па вуліцах Віцебска праехаў святочны трамвай. Яго пасажырамі сталі вучні школ і гімназій горада, а таксама выхаванцы дзіцячых садкоў. Трамвай зрабіў па маршруце 6 прыпынкаў. На кожным у салон уваходзілі ўсё новыя казачныя персанажы. Потым да іх далучыліся Дзед Мароз са Снягуркай. Яны павіншавалі дзяцей з Новым годам, уручылі ім падарункі. На канцавым прыпынку ўсе пасажыры сталі ўдзельнікамі музычна-забаўнай праграмы каля ёлкі.

Павіншаваць выхаванцаў ліцэя пры Гомельскім інжынерным інстытуце МНС завіталі прадстаўнікі абласных упраўленняў і Міністр па надзвычайных сітуацыях Беларусі Уладзімір Вашчанка. Для гасцей ліцэісты падрыхтавалі міні-спектакль з падарожжам у часе.

На гэтым тыдні ў Мінску кіраўніцтва горада разам з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя павіншавалі з зімовымі святамі выхаванцаў дзіцячага дома № 3. Больш за паўсотні малышоў атрымалі ў падарунак веласіпеды, ноўтбукі і салодкія падарункі. А для выхаванцаў дамоў сямейнага тыпу падрыхтавалі касцюміраваны і музычны спектакль "Цуды на Раство".