Безбар’ернае асяроддзе ў сталічнай падземцы

30 января 2015

Новыя ліфты для інвалідаў-калясачнікаў, моўныя інфарматары для людзей са слабым зрокам і нават лесвічныя пад’ёмнікі на гусенічным хаду. Людзям з абмежаванымі магчымасцямі стала больш проста перамяшчацца пад зямлёй. Пра рух без перашкод - Аляксандр Харавец.

Андрэй Сіманенка ў інвалідным крэсле больш за 15 гадоў. Увесь гэты час па горадзе перамяшчаўся на ўласным аўто. Аднак сёння мужчына вырашыў паехаць на метро. Тым больш што спусціцца можна на спецыяльных ліфтах. 23 пад’ёмныя кабіны працуюць на 12 станцыях падземкі.

На тых жа станцыях, дзе ліфтаў няма, з’явіліся спецыяльныя лесвічныя пад’ёмнікі. Пры дапамозе такой прылады людзі з абмежаванымі магчымасцямі з лёгкасцю пераадольваюць высокія прыступкі. Спускацца і падымацца ў метрапалітэн інвалідам дапамагаюць супрацоўнікі падземкі.

Аляксандр Карніцкі, начальнік службы Мінскага метрапалітэна: "У гэты момант у метрапалітэне закуплена 10 штук, да канца 2015 года будзе закуплена яшчэ 5 пад'ёмнікаў. Мы імкнемся станцыі зрабіць даступнымі для перамяшчэння ўсіх катэгорый грамадзян".

Акрамя гэтага, на 5 станцыях сталічнай падземкі запрацавалі і моўныя інфарматары для людзей са слабым зрокам.

Моўныя інфарматары падказваюць людзям з абмежаванымі магчымасцямі як прайсці на тую ці іншую вуліцу, дзе знаходзяцца платформа або касы метрапалітэна. Актывізуецца прылада націсканнем кнопкі вось на такім пульце. Пасля чаго аб’яўляецца напрамак руху. Моўныя інфарматары – распрацоўка беларускіх вучоных. У найбліжэйшы час такія прылады ўсталююць на усіх станцыях мінскага метро.