Беларускую мытню чакаюць важныя перамены

26 января 2016

Новае абсталяванне з'явіцца на беларускай мытні. Час праверкі паменшыцца мінімум удвая. Упершыню беларускія мытнікі будуць сканіраваць тавары на чыгунцы з дапамогай спецыяльнага электроннага комплексу. Размесцяць рэнтгенаўскую ўстаноўку для цягнікоў ужо сёлета на станцыі Брэст-Паўночны. Стацыянарнымі інспекцыйна-надгляднымі комплексамі беларускія мытнікі карысталіся і раней. Праўда, прызначаны яны былі толькі для аўтатранспарту. Усяго ў краіне зараз 9 такіх установак, 3 з іх у пунктах мытнага пропуску з'явіліся ў 2015 годзе. Эканамічны эфект ад тэхнічнага абсталявання мытні падлічыла Улада Карніцкая.

Вось так на сканаграме мытнікі ўбачылі ў грузавіку і аконныя шклопакеты. Іх, у адрозненне ад шыб без шкла, у суправаджальных дакументах не было. Пры гэтым каб агледзець увесь тавар у дзвюх фурах, работнікам мытні не прыйшлося нават пакідаць вось такі кабінет "на колах". Спецыяльная тэхніка ў лічаныя хвіліны прасканіравала ўвесь груз, які перамяшчаўся на тэрыторыю Еўразійскага эканамічнага саюза.

Віталь Крывулька, галоўны інспектар аддзела Гродзенскай рэгіянальнай мытні: "Аўтамабілі былі накіраваны на мытны надгляд, у выніку якога былі выяўлены 108 адзінак вокнаў са шклопакетамі агульным ацэначным коштам 15.5 мільярда рублёў. Тавар быў увесь канфіскаваны і матэрыялы перададзены ў суд".

Сёння ў нашай краіне ёсць 9 такіх мабільных інспекцыйна-надглядных комплексаў. Тры з іх запрацавалі летась. Акрамя таго, што дапамагаюць выявіць забароненыя тавары, прыносяць яшчэ і эканамічны прыбытак краіне. Толькі летась работнікі мытні канфіскавалі тавараў на суму 85 мільярдаў рублёў. Пры гэтым рэнтген прайшло 130 тысяч аўтамабіляў, а выяўлена больш за 400 правапарушэнняў, што ў 2,5 раза больш, чым за папярэдні год.

А ўжо сёлета ў нашай краіне з'явіцца рэнтгенаўская ўстаноўка для цягнікоў. Паставяць яе на станцыі Брэст-Паўночны. Каштуе такое абсталяванне без малога 4,5 мільёна еўра. Па сутнасці, гэта сумесны праект нашай краіны і Кітая. Спецыялісты ўжо называюць яго тэхнічным абсталяваннем беларускага ўчастку "Шаўковага шляху".

Акрамя таго, сёлета беларуская мытня пяройдзе на аўтаматычны выпуск дэкларацый. Гэта значыць, што пры электронным дэклараванні не інспектар мытні, а камп'ютар будзе афармляць дакументы, а ўжо пасля яны з электронным подпісам адправяцца назад на прадпрыемства. Пакуль, праўда, такая практыка - толькі эксперымент. У цэлым жа сёння ў нашай краіне электронным дэклараваннем пры вывазе тавараў за мяжу карыстаюцца 99 % кампаній. Пры імпарце - 97.

Юрый Сянько, старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі: "РФ вельмі таксама прасунулася ў межах нашых паказчыкаў, каля 98-99 %. Краіны Казахстан, Арменія, Кіргізія крыху менш, таму яны актыўна глядзяць вопыт Беларусі і Расіі і актыўна прасоўваюцца".

Пра тое, што вопыт Беларусі пазітыўны для развіцця мытнай сістэмы краін Еўразійскага саюза, гаворыць і афіцыйная статыстыка.

Паводле звестак апошняга даследавання Сусветнага банка міжнароднага гандлю, у рэйтынгу Doing Business, дзе адзін з галоўных крытэрыеў - праца мытні, наша краіна заняла 25 пазіцыю з амаль 190 краін. Пры гэтым абышла партнёраў па еўразійскай інтэграцыі. Арменія на 29 месцы, Кыргызстан на 83, Казахстан - 122, Расія і зусім на 170-м.