Беларускі саюз журналістаў падвёў вынікі конкурсу Залатое пяро

5 мая 2014

У Дзень друку Беларускі саюз журналістаў падвёў вынікі штогадовага конкурсу Залатое пяро. Лаўрэатамі сёлета сталі 22 прадстаўнікі СМІ.


З цырымоніі ўзнагароджання рэпартаж Улады Карніцкай.


Менавіта з такіх слоў падзякі ад юных журналістаў сёння пачалася цырымонія ўзнагароджвання прэміяй Залатое пяро самых масцітых журналістаў. Без гальштука, Уразіла, Прашу заўважыць - менавіта так называюцца рубрыкі сумеснага праекта эліты беларускіх масмедыя і зусім юных карэспандэнтаў. Першыя вынікі гэтага праекта сёння былі агучаныя на ўрачыстай цырымоніі ў Доме прэсы.


Прыём заявак на адзін з самых прэстыжных конкурсаў для журналістаў Беларусі скончыўся менш чым месяц таму. Аўтарытэтнае журы ацаніла больш за 40 творчых работ. Як вынік - каля 20 лепшых аўтараў паднімаюцца на сцэну па заслужаныя ўзнагароды.


Зараз яны сапраўды будуць пісаць залатымі пёрамі. Ацэньвалі прэтэндэнтаў на званне лепшых у дзесяці намінацыях. Упершыню сёлета прэміравалі за лепшы нарыс і за грамадзянскую пазіцыю журналіста. На сцэну Дома прэсы па ўзнагароду менавіта ў гэтай намінацыі падняўся Старшыня галоўнага медыяхолдынга нашай краіны Генадзь Давыдзька.


Генадзь Давыдзька, Старшыня Белтэлерадыёкампаніі: Спачатку было слова, яно вызначальнае ў гэтым свеце паняцце. І зараз на фоне вялікай інфармацыйнай вайны, якая разгарнулася ў свеце, вельмі важна менавіта прафесійнае слова, важная менавіта грамадзянская пазіцыя людзей, сумленнасць журналіста.


Акрамя таго, палітычны аглядальнік Агенцтва тэленавін Андрэй Крывашэеў атрымаў узнагароду за Лепшы цыкл работ у радыё- і тэлежурналістыцы.


Андрэй Крывашэеў, палітычны аглядальнік Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі: Вельмі ганаруся, што атрымаў менавіта гэтую ўзнагароду, паколькі як журналіст навін заўсёды на перадавой. Мы часам ахвяруем аналізам сітуацыі на карысць хуткасці, аб'ектыўнасці. Для журналістаў навін галоўнае - быць першымі.


Яшчэ адна сёлетняя навінка - свае ўзнагароды журналістам уручылі прадстаўнікі бізнесу. Таксама сярод пераможцаў журналісты выданняў Беларусь сегодня, Рэспубліка і карэспандэнты Беларускага тэлеграфнага агенцтва. Лаўрэатамі Залатога пяра сталі і публіцысты рэгіянальных выданняў.


Анатоль Лемяшонак, старшыня Беларускага саюза журналістаў, галоўны рэдактар газеты Рэспубліка: Узнагарода ў гэтым конкурсе з'яўляецца самай прэстыжнай у журналістыцы, таму што яе вызначае журы, якое выбірае з'езд журналістаў на пяць гадоў. І ў склад такога журы ўваходзяць самыя годныя і вядомыя.


Сёлета ў конкурсе ўдзельнічала асабліва шмат моладзі. З 22 лаўрэатаў конкурсу траціна - маладыя аўтары. Усе майстры пяра атрымалі медалі і ганаровыя граматы.