Беларускія ВНУ ладзяць інтэрактыўныя пляцоўкі для абітурыентаў

5 апреля 2022

Дапамога ў выбары будучай прафесіі. Майстар-класы, інтэрактыўныя пляцоўкі, "выставу прафесій" для амаль дзвюх соцень школьнікаў з Клецкага раёна правялі прадстаўнікі вышэйшых навучальных устаноў краіны. Сустрэча прайшла ў мясцовым цэнтры дзіцячай творчасці. Старшакласнікі азнаёміліся ў тым ліку і з новымі спецыяльнасцямі ВНУ, з умовамі паступлення. Сярод запатрабаваных сфер - медыцына і сельская гаспадарка. Ад першакурснікаў чакаюць не толькі добрых вынікаў на ўступных іспытах, але і мэтанакіраванасці.

Магчымасць павысіць кваліфікацыю была і ў педагогаў. Наватарскімі распрацоўкамі і лінгвістычнымі вынаходкамі з настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры падзяліўся загадчык кафедры рэдакцыйна-выдавецкіх тэхналогій Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Уладзімір Куліковіч. Нагадаем, сталічныя ВНУ праводзяць дні адчыненых дзвярэй традыцыйна ў пачатку красавіка.