Беларускія ўрачы дапамагаюць японскім калегам у барацьбе з радыяцыяй

10 октября 2013

Японскія ўрачы працягваюць барацьбу з радыяцыяй і наступствамі аварыі ў прэфектуры Фукусіма. У напрацоўцы практычнага вопыту ім дапамагаюць беларускія калегі. Аднымі з лепшых дыягностаў у Беларусі лічацца брэсцкія ўрачы-эндакрынолагі. Менавіта ў гэтым рэгіёне з'явілася і першая перасоўная лабараторыя па выяўленні рака шчытападобнай залозы. Чаму вучацца ўрачы з Японіі - ведае Вікторыя Патоня.



З дапамогай такога сканара прэміум-класа брэсцкія эндакрынолагі выяўляюць захворванні шчытападобнай залозы на ранняй стадыі. Новае абсталяванне яшчэ вясной паступіла з Японіі, у рамках праграмы бязвыплатнай дапамогі. А сёння галоўны ўрач дыспансера сам навучае японскіх калегаў. Скрынінгу, біяпсіі, дыягностыцы. Японскім урачам не хапае практыкі. Па медыцынскі вопыт у Беларусь прыехала Юка Янагісава.


Юка Янагісава, урач-тэрапеўт прэфектуры Фукусіма (Японія): З моманту аварыі на Фукусіме прайшлі два з паловай гады. Але ўжо зараз мы выявілі рак шчытападобнай залозы ў сарака з лішнім дзяцей. Афіцыйныя медыцынскія колы лічаць, што такая сітуацыя не звязаная з радыяцыяй у выніку аварыі. Але мы бачым, што гэта не зусім так, таму прыехалі ўдакладніць некаторыя моманты ў беларускіх урачоў.



У Брэсце японскія псіхолагі, тэрапеўты, педыятры дзеляцца перажываннямі: у іх няма праблем з медыцынскім абсталяваннем, але ёсць прабел у методыках дыягнаставання і лячэння.



Артур Грыгаровіч, галоўны ўрач Брэсцкага абласнога эндакрыналагічнага дыспансера: У свой час, як ні парадаксальна, але нас вучылі японцы асвойваць вось гэтыя методыкі пункцыйнай біяпсіі. 95% выпадкаў рака шчытападобнай залозы, якія ўзніклі з-за апраменьвання радыеактыўным ёдам, яны маюць адносна дабраякасную форму. Гэта значыць, гэта вельмі добра лечыцца.



Спецыялісты сцвярджаюць: ва ўсім свеце захворванне на рак шчытападобнай залозы расце. Дыягнаставаць карцыному на ранніх стадыях, калі яшчэ не бачныя метастазы, складана. Але беларусы гэтаму навучыліся. У тым ліку дзякуючы перасоўным лабараторыям.



Максім Лушчык, загадчык навукова-даследчай лабараторыі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі: У нас жа ў Беларусі ранняя дыягностыка пастаўленая добра. Найболей распаўсюджаны рак, які часта выяўляецца, - шчытападобнай залозы. У сілу таго, што гэта высокадыферэнцыяваная пухліна, ён добра паддаецца лячэнню.



Урачы з Японіі прадоўжаць знаёмства з напрацоўкамі беларускіх урачоў. Заўтра наведаюць дзіцячы анкалагічны цэнтр у Бараўлянах.