Беларускія сіноптыкі сёлета плануюць пашырыць сетку метэаназіранняў

11 января 2018

Беларускія сіноптыкі сёлета плануюць пашырыць сетку метэаназіранняў і наладзіць супрацоўніцтва з польскімі калегамі. Дзве станцыі з'явяцца і на тэрыторыі Мінскай вобласці. Такія аўтаматычныя сістэмы ў рэжыме рэальнага часу дазваляюць назіраць за тым, як мяняецца тэмпература, хуткасць і напрамак ветру, вільготнасць. Гэта дапамагае хутчэй зарэгістраваць надыход неспрыяльных прыродных з'яў. Надзея Сербіненка адправілася ў Пухавіцкі раён - на адну з метэастанцый, дзе за надвор'ем сочаць у рэжыме нон-стоп.

Прагнозы надвор'я - як кароткатэрміновыя, так і на больш працяглы перыяд часу - ствараюцца на падставе інфармацыі з розных рэсурсаў. Аператыўныя і самыя неабходныя даныя - аб тэмпературы паветра, хуткасці і напрамку ветру, атмасферным ціску, узроўні ападкаў - Белгідрамет атрымлівае з уласных метэастанцый.

У Мінскай вобласці метэастанцыі ёсць амаль ва ўсіх буйных райцэнтрах. Але каб павышаць якасць прагнозаў, трэба пашыраць сетку назіранняў. Таму дзве станцыі з'явяцца там, дзе іх раней не было - у Салігорску і Лагойскім раёне.

Адна з метэастанцый знаходзіцца ў Пухавіцкім раёне. Тут, на ўскраіне Мар'інай Горкі, кругласутачна і бесперапынна вядуцца назіранні за станам надвор'я. Уся метэаінфармацыя адразу сцякаецца ў Мінск да сіноптыкаў.

З дапамогай пэўных алгарытмаў сіноптыкі могуць спрагназаваць, як хутка, напрыклад, снегапад прыйдзе з Віцебска ў Мінск, або колькі часу спатрэбіцца, каб цыклон з моцным ветрам пераадолеў 100-200 кіламетраў. Каб рабіць прагноз больш дакладным, неабходна бесперапынная фіксацыя даных.

Кожныя некалькі гадзін тэхнік-метэаролаг Вольга Чарвінская ў любое надвор'е і час сутак выходзіць на збор інфармацыі з прыбораў. Іх на пляцоўцы каля дзесяці - гэта геліёграф, некалькі відаў тэрмометраў, анемарумбаметр. Такі спосаб фіксацыі паказчыкаў - традыцыйны, але сёння ім на змену прыходзяць цалкам аўтаматычныя сістэмы.

Складаць прагнозы сіноптыкам дапамагаюць і лакатары, якіх у Беларусі два. Яны могуць з высокай дакладнасцю прадказаць надыход небяспечных з'яў - такіх, як ураган ці ледзяны дождж. Да таго, зараз спецыялісты нашай краіны наладжваюць супрацоўніцтва з метэаслужбай суседняй Польшчы - гаворка ідзе пра абмен інфармацыяй у рэжыме рэальнага часу.