Беларуская сістэма барацьбы з адмываннем грошай прызнаная адной з лепшых у Еўразіі

2 декабря 2019
Міжнародныя эксперты прызналі беларускую сістэму барацьбы з адмываннем грошай і фінансаваннем тэрарызму адной з лепшых у Еўразіі. Спецыялісты вывучалі сітуацыю на працягу амаль двух гадоў. Нашу краіну ацэньвалі па 40 крытэрыях адпаведнасці заканадаўства міжнародным рэкамендацыям і 11-ці крытэрыях эфектыўнасці сістэмы. У выніку Беларусь атрымала дадатныя водгукі, як і Расія. Сітуацыя ў Кыргызстане, Таджыкістане і Кітаі патрабуе паляпшэння. Такога выніку Беларусі атрымалася дасягнуць, дзякуючы суладнай працы фінансавых устаноў, праваахоўнікаў і Дзяржкантролю. Толькі за мінулы год спецыялістамі Дэпартамента фінансавага маніторынгу было выяўлена амаль паўтысячы злачынстваў і вернута ў бюджэт звыш 92 мільёнаў долараў.

Эксперты адзначылі і эфектыўную працу па барацьбе з тэрарызмам. Для адмывання грошай у такіх мэтах зламыснікі часта выкарыстоўваюць  некамерцыйныя арганізацыі. Узаемадзеянне спецслужб, у тым ліку з замежнымі калегамі, дапамагае аператыўна перарываць такія  дзеянні. Безумоўна, высокая ацэнка бяспекі -  гэта яшчэ адзін дадатковы плюс для развіцця эканомікі краіны, адзначаюць спецыялісты. У прыватнасці, умацаванні даверу з боку дзелавых колаў, інвестараў і крэдытораў. Зараз справаздача павінна быць зацверджана Групай распрацоўкі фінансавых мер барацьбы з адмываннем грошай. Гэта адбудзецца ў лютым наступнага года ў Парыжы.