Беларуская мадэль абароны правоў дзіцяці можа стаць прыкладам для пераймання

13 ноября 2014
Пра гэта сёння журналістам заявіла дырэктар рэгіянальнага бюро Дзіцячага фонда ААН Мары-П'ер Пуар'е. На працягу двух дзён у Мінску праходзіў адкрыты дыялог пад эгідай ЮНІСЕФ паміж экспертамі з 30 краін свету. Абмяркоўвалі праблемы насілля, эксплуатацыі і жорсткага абыходжання з дзецьмі.

Мары-П'ер Пуар'е, дырэктар рэгіянальнага бюро Дзіцячага фонда ААН для краін Цэнтральнай, Усходняй Еўропы і краін СНД: Беларускія партнёры паставілі высокую планку ў плане якасных прэзентацый і экспертных меркаванняў. Гэта спрыяла таму, што на працягу ўсёй канферэнцыі яе ўдзельнікі падзяліліся вельмі цікавымі ідэямі. Вядома, іх нельга проста скапіраваць і ўкараніць у сябе, але яны могуць паслужыць у якасці мадэлі, якую можна пасля адаптаваць пад свае нацыянальныя кантэксты і ўмовы.


Міжнародная канферэнцыя па абароне дзяцінства такога ўзроўню праводзілася ў краіне ўпершыню і з ініцыятывы Беларусі. Удзельнікі, а іх больш за 150 чалавек, абмяняліся меркаваннямі і, галоўнае, практычным вопытам у сферы абароны правоў дзіцяці. У сваю чаргу Мары-П'ер Пуар'е засведчыла, што ЮНІСЕФ гатовы дапамагчы сваім партнёрам у Беларусі і працягнуць працу з іншымі краінамі.