Беларусь сустракала вясну Масленіцай

23 февраля 2015

Яшчэ напярэдадні Беларусь сустракала вясну Масленіцай. Адчуць сябе сапраўдным шляхцічам і правесці свята ў традыцыйным беларускім стылі напярэдадні атрымалася гасцям панскага маёнтка Сула. Як праводзілі зіму ў першым беларускім парку гісторыі і культуры, раскажа Наталля Кузьміцкая.

Ігрой на дудзе сустракае гасцей шляхціч Андрэй Паплаўскі, у жыцці, арт-дырэктар першага ў Беларусі парка гісторыі і культуры, панскага маёнтка Сула. Апошні дзень масленічнай сядміцы тут адзначаюць раскошна. Тым больш, што месца дзеянняў мае багатае гістарычнае мінулае.

Камень за каменем, аднавілі старажытныя будынкі, а разам з імі і былыя традыцыі. У кампаніі сапраўдных рыцараў ды ганарлівых паненак госці комплексу змаглі здзейсніць чароўнае падарожжа ў мінулае.

У апошні дзень масленічнай сядміцы абавязкова не толькі частавацца блінамі і іншымі прысмакамі, але і добра весяліцца, напрыклад прыняць удзел у кіданні сякерак.

Развітанне з зімой і гуканне вясны арганізатары свята пераўтварылі ў сапраўдны квэст. Паводле сцэнарыя, самая халодная пара года бярэ ў палон вясну, якая яшчэ не паспела ўступіць ў свае правы.

Такім чынам, кожны наведвальнік адчуў сваё дачыненне да агульнай справы. За запаветнымі грашыма адны палезлі на драўляныя слупы.

Іншыя паспрабавалі свае сілы ў рыцарскім паядынку. Самыя смелыя ж ўвогуле адправіліся ў паветранае падарожжа на верталёце. З вышыні птушынага палёту кожны жадаючы змог зазірнуць у самыя таемныя куткі панскага маёнтка. Кожны знайшоў сабе занятак даспадобы.

Масленічная нядзеля ў панскім маёнтку: шляхецкія ігрышчы, вясёлыя конкурсы і танцы - захаваецца ў памяці яго наведвальнікаў незабыўнымі эмоцыямі.