Беларусь выконвае строгія меры санітарнага кантролю на пагранпераходах і аэрапортах

17 марта 2020
Вадзіцелі і пасажыры здаюць аналізы на каранавірус, у тэрміналах працуюць цеплавізары.  20-кіламетровая чарга з грузавікоў стаіць  на беларуска-польскай мяжы. Велізарны затор ля пункта пропуску "Казловічы". Вадзіцелі не могуць праехаць з-за павольнай работы польскіх пагранічнікаў. Нагадаем, напярэдадні Польшча закрыла  свае межы для замежнікаў. У краіну пускаюць толькі перавозчыкаў.  Падрабязней -  Марыя Тройніч.

Больш чым 500 грузавікоў захраснулі на беларуска-польскай мяжы. Велізарны затор -  ля пункта пропуску "Казловічы". Некаторыя вадзіцелі тут праводзяць каля сутак.  

Чарада грузавікоў у бок Польшчы расцягнулася на 20 кіламетраў. І гэта пры тым, што машыны стаяць  у дзве паласы. 

Польскі бок афіцыйна аб’явіў: мяжа для перавозчыкаў адкрыта. Але прапускаюць фуры павольна. Яшчэ тыдзень назад праз пункт пропуску "Казловічы" ў Польшчу праязджала 9 тысяч фур за суткі. А сёння - амаль на траціну менш. 

Дальнабойшчык Раман Захар’ян вязе з Расіі металаканструкцыі. Гаворыць, з-за вымушанага прастою на мяжы кампанія-пастаўшчык церпіць страты. Але да санітарна-эпідэміялагічных мер, якія таксама займаюць час, вадзіцель ставіцца з разуменнем. 

На беларускім баку мяжы ўсё строга: мытнікі не аформяць дакументаў, пакуль вадзіцель не пройдзе санітарна-эпідэміялагічны кантроль. Па ўсім тэрмінале расстаўлены датчыкі цеплавізара: яны выводзяць на манітор інфармацыю аб тэмпературы цела кожнага наведвальніка. Акрамя гэтага тэмпературу вымяраюць бескантактным тэрмометрам. На гэта сыходзіць не больш за тры  секунды. Тым, хто прыехаў з Італіі, Кітая, Ірана і Карэі - павышаныя меры засцярогі. Такіх экспедытараў у абавязковым парадку адпраўляюць у санітарны пункт. 

У санітарным пункце дальнабойшчыкі зноў мераюць тэмпературу і здаюць аналізы на каранавірус. 

Юлія Шыкун, памочнік урача-эпідэміёлага Брэсцкага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя: "З Італіі да нас прыбываюць 40 чалавек за суткі ў сярэднім. Кожнага мы абследуем, робім аналізы, а потым адпраўляем інфармацыю ў паліклінікі. І там ужо за імі  назіраюць".

Павышаныя меры бяспекі і максімальная ўвага да стану пасажыраў - у Нацыянальным аэрапорце Мінск. Там увялі падвойны санітарна-каранцінны кантроль. Прайсці праверку ў спецыяльнай лабараторыі можа любы ахвотнік. За суткі такую лабараторную праверку ў аэрапорце праходзяць каля 200 чалавек. 

А вось у пагранпераходзе "Варшаўскі мост" у Брэсце - нешматлюдна. Сёння самы ажыўлены пункт пропуску для легкавых машын на мяжы з Польшчай пустуе. Сваю мяжу польскі бок закрыў для ўсіх замежнікаў. Адрэзанымі апынуліся нават тыя, у каго ёсць польская прапіска. 

Па заяве польскіх улад, каранцін падоўжыцца да 25 сакавіка. Гэта пакуль. Але вадзіцелі ўсё ж спадзяюцца, што праз паўтара тыдня работа  на мяжы суседняй краіны вернецца ў звыклае рэчышча.