Беларусь сёння адзначае Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны

22 июня 2020
У гэты дзень  успамінаюць тых, хто цаной свайго жыцця выканаў бессмяротны доўг - абараніў Радзіму, ваяваў і загінуў, быў закатаваны ў фашысцкай няволі, памёр у тыле ад голаду і нягод. Жорсткая трагедыя бярэ пачатак з сённяшняй даты. На досвітку 22 чэрвеня 1941 года фашысцкая Германія, парушыўшы Дагавор аб ненападзе,  вераломна ўварвалася ў Савецкі Саюз.

На тэрыторыю Беларусі наступала самая магутная германская групоўка 

Згодна з  планам "Барбароса",  нямецкае ваеннае кіраўніцтва разлічвала правесці маланкавую вайну і адным ударам разграміць СССР. На тэрыторыю Беларусі наступала самая магутная германская групоўка,  барацьба з якой вылілася ў 1418 кровапралітных дзён і начэй Вялікай Айчыннай вайны.

За першыя паўгадзіны абстрэлу  па Брэсцкай крэпасці было выпушчана каля 5 тысяч снарадаў і мін 

Першы бой прынялі вайскоўцы Брэсцкага гарнізона. Раніцай у 4:15  крэпасць штурмавала дывізія вермахта, якая пераўзыходзіла колькасць абаронцаў цытадэлі ў 3 разы. За першыя паўгадзіны абстрэлу па крэпасці было выпушчана каля 5 тысяч снарадаў і мін. Кожныя 4 хвіліны хваля артылерыйскага абстрэлу прасоўвалася на 90 метраў. Штодня абаронцам цытадэлі прыходзілася адбіваць 7-8 атак. У такой абароне  крэпасць трымалася больш за месяц. 

26 жніўня Гітлер і Мусаліні прыязджалі паглядзець на цытадэль,  якую планавалі ўзяць за некалькі гадзін. 

Знакаміты надпіс-рэліквія тых падзей -   "Я паміраю, але не здаюся. Бывай, Радзіма" - датаваны 20 ліпеня 1941.
Ужо 26 жніўня  Гітлер і Мусаліні асабіста прыязджалі паглядзець на цытадэль, якую нямецкае камандаванне планавала ўзяць за некалькі гадзін. І яшчэ адзін гістарычны факт. У 1945 годзе  ў бункеры Гітлера ў Берліне знайшлі абпаленую цэглу з Брэсцкай крэпасці.